Віктар Ганчарэнка трапіў у спіс лепшых футбольных трэнераў дзесяцігоддзя
Галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка трапіў у спіс найлепшых трэнераў дзесяцігоддзя. Чарговы рэйтынг апублікавала Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі. Праўда, у спісе са 162 спецыялістаў беларус у ліку шасці настаўнікаў дзеліць 139-144 месца. Ніводнага іншага прадстаўніка нашай краіны ў рэйтынгу няма. Лепшым трэнерам Федэрацыя назвала настаўніка "Арсенала" Арсена Венгера. На другім месцы – сэр Алекс Фергюсан, на трэцім – коўч мадрыдскага "Рэала" Жазэ Маўрын'ю. У дзясятку таксама трапілі Гус Хідзінг, Фабіё Капэла, Луіз Феліпэ Скалары, Рафаэль Бенітэз, Карла Анчалоцці і Марчэла Ліпі. У рэйтынгу таксама значацца расійскія трэнеры Валерый Газаеў, Курбан Бердыеў і Алег Раманцаў, а таксама ўкраінец Алег Блахін.