Віктар Януковіч не згодны з рэферэндумам у Крыме
Запіс пра гэта з'явіўся на яго акаўнце ў твітары 10 сакавіка.
"Аддзяленне Крыму праз рэферэндум незаконнае, пакуль не апытаная ўся Украіна. Але новыя ўлады абавязаны ўлічыць волю народа. Астатняе заўтра ў 15.00", — паведамляецца ў запісе.
Чакаецца, што 11 сакавіка экс-прэзідэнт Украіны дасць прэс-канферэнцыю ў Растове-на-Доне — другую за апошнія 12 дзён.
Па словах украінскіх журналістаў, з якімі пагутарыў карэспандэнт БелаПАН, старонка Януковіча ў твітары — сапраўдная. У той жа час бянтэжыць выраз "новыя ўлады", бо на прэс-канферэнцыі 28 лютага Януковіч называў сябе дзеючым прэзідэнтам.
Рэферэндум аб будучым статусе Аўтаномнай Рэспублікі Крым прызначаны на 16 сакавіка.
Фота — Reuters