Віленскія студэнты плацяць за праезд утрая менш за беларускіх

З 1 снежня праезд у мінскім грамадскім транспарце каштуе 3 тысячы рублёў. Камунальнікі сцвярджаюць, што гэта танна. Маўляў, сабекошт праезду зараз — 6 400 рублёў. У якасці прыкладу чыноўнікі параўноўваюць кошты з віленскімі і варшаўскімі. Еўрарадыё вырашыла параўнаць. Праязныя.

Вільня: студэнты плацяць за праезд утрая менш, пенсіянеры — на чвэрць менш за беларусаў

Аднаразовы квіток і ў Вільні, і ў Варшаве нашмат даражэйшы за мінскі: 13 тысяч супраць 3 тысяч у нас. Розніца ў 4 разы! Але, паводле слоў Кацярыны, якая жыве ў Вільні, ніхто з тамтэйшых за праезд столькі не плаціць.

“Зараз яны ўвялі карткавую сістэму, тут ёсць “Картка жыхара Вільні”. Я папаўняю рахунак у шапіку, такім, як наш “Белсаюздрук”. А пасля кожны раз, як заходжу ў тралік, прыкладаю яе да электроннага кампосцера. І ён спісвае ў мяне 1 літ 10 цэнтаў за паўгадзінную паездку”.

Гэта прыкладна 4 тысячы рублёў — не нашмат даражэй за мінскія кошты. Кацярына не набывае месячныя праязныя, бо ездзіць па горадзе няшмат. Паўгадзіны звычайна хапае.

Параўнаем кошты на праязныя білеты. У Мінску за месячны праязны на ўсе віды транспарту давядзецца заплаціць 243 тысячы рублёў. Ні студэнты, ні пенсіянеры не маюць ільготаў — усе плацяць аднолькава. У Вільні праязны на месяц — 375 тысяч на беларускія. Гэта напалову даражэй. Але студэнты маюць зніжку ў 80% і плацяць за праезд… 75 тысяч рублёў. Гэта ў тры разы менш за мінскіх!

Зніжка для віленскіх пенсіянераў — 50%. Яны плацяць на чвэрць менш за беларусаў. Пенсійны ўзрост у Літве — 62 гады 10 месяцаў у мужчын, 60 гадоў 8 месяцаў у жанчын. Ёсць яшчэ 12 розных зніжак: для інвалідаў, для ўдзельнікаў супраціву акупацыі 1940-1990 гадоў, для сем’яў загінулых 11-13 студзеня 1991 года “і падчас наступнай агрэсіі з боку СССР”.

Варшава: пенсіянеры цэлы год ездзяць за 155 тысяч

А варшаўскія пенсіянеры дык і ўвогуле могуць цэлы год ездзіць за 50 злотых — 155 тысяч беларускіх рублёў. Гэта амаль у 19 разоў менш, чым заплаціць за 12 месячных праязных беларускі пенсіянер. Зніжка называецца “Bilet seniora”. Пасля 70 гадоў пенсіянеры ездзяць у варшаўскім транспарце… бясплатна. Да таго — калі не карыстаюцца "білетам сеньёра" — за палову кошту, як і студэнты. І гэта ўдвая менш за мінскія кошты.

 

Мінск

Вільня

Варшава

1 паездка

3 000

13 118,4*

13 620

-для студэнтаў

3 000

6 559,2

6 810

-для пенсіянераў

3 000

6 559,2

6 810

24 гадзіны

-

44 977,3

46 431,75

-для студэнтаў

-

8 995,46

23 215,87

-для пенсіянераў

-

22 488,66

23 215,87

10 дзён (дэкада)

85 300

153 672,5

-

-для студэнтаў

85 300

30 734,5

-

-для пенсіянераў

85300

76 836,2

-

30 дзён (~1 месяц)

243 000

374 811

309 545

-для студэнтаў

243 000

74 962,2

154 772,5

-для пенсіянераў

243 000

187 405,5

154 772,5

90 дзён (~3 месяцы)

729 000 (тры месячныя)

1 124 433

773 862,5

-для студэнтаў

729 000

224 886,6

386 931,25

-для пенсіянераў

729 000

562 216,5

386 931,25

180 дзён (~6 месяцаў)

1 458 000 (шэсць месячных)

2 248 866

1 547 725 (два трохмесячныя)

-для студэнтаў

1 458 000

404 795,88

773 862,5

-для пенсіянераў

1 458 000

1 124 433

773 862,5

270 дзён (~9 месяцаў)

2 187 000 (дзевяць месячных)

3 373 299

2 321 587,5 (тры трохмесячныя)

-для студэнтаў

2 187 000

607 193,8

1 160 793,75

-для пенсіянераў

2 187 000

1 686 649,5

1 160 793,75

365/6 дзён (1 год)

2 916 000 (дванаццаць месячных)

4 497 732 (два паўгадавыя)

3 095 450 (чатыры трохмесячныя)

-для студэнтаў

2 916 000

899 546,4

1 547 725

-для пенсіянераў

2 916 000

2 248 866

154 772,5

*па курсе Нацбанка на 10 снежня.

Аднаразовы праезд — для турыстаў. Для тутэйшых — танныя праязныя

Поўны праязны на месяц у Варшаве каштуе на 100 тысяч беларускіх рублёў даражэй, чым у Мінску. Але сярэдні заробак у польскай сталіцы ўдвая большы! Сістэма адпрацаваная так, каб турыст, які прыязджае ў горад на некалькі дзён, карыстаўся дарагімі аднаразовымі квіткамі. А палякі набываюць доўгатэрміновыя праязныя.

“Праязны на месяц каштуе 110 злотых, — распавядае Наталля, якая працуе ў Варшаве. — А 20-хвілінны самы танны талончык на трамвай каштуе 3,40 [аўтобус і метро каштуюць столькі ж. — Еўрарадыё]. З працы і назад, я бяру мінімальна: гэта 6,80. Памнажаем на 20 працоўных дзён — гэта 136 злотых. То бок, праязны на месяц, на ўсе віды транспарту, акупляеш адным відам транспарту, самым танным талонам, на 20 хвілінаў”.

А што ў Мінску? Праязны на месяц, на ўсе віды каштуе 243 000 рублёў, адна паездка — 3 000. Атрымліваецца, каб акупіць праязны, трэба зрабіць 40 паездак туды-назад, а не 20, як у Варшаве.

Масква: праезд дарагі для ўсіх, але студэнты маюць зніжку

На дэсерт — Масква, адзін з самых дарагіх гарадоў свету. Аднаразовы квіток удвая даражэйшы за мінскі. Неверагодна дарагі — больш за 600 тысяч рублёў — і адзіны праязны. Але маскоўскія студэнты плацяць менш за мінскіх прыкладна на траціну. Распавядае Кірыл, які жыве і вучыцца ў Маскве:

“Студэнты могуць аформіць ільготную картку. Трэба запоўніць бланк у метро, яе робяць прыкладна тры тыдні. Па гэтай картцы можна за 350 рублёў за месяц ездзіць у метро. І на гэтую ж карту можна пакласці 230 рублёў, і гэта будзе праезд на ўсім наземным транспарце”.

580 расійскіх рублёў — гэта 164 тысячы нашых. І гэта на траціну менш, чым плацяць за праезд беларускія студэнты.

Даведка Еўрарадыё: кошт праязных у Мінску на 1 снежня 2013 года:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі