Віталь Клічко: Мы аб'явім страйк пасля святаў (відэа)
Удзельнікі акцый пратэсту ва Украіне збіраюцца арганізаваць агульнаўкраінскую забастоўку.
Пра гэта ў нядзелю падчас "народнага веча" на Майдане Незалежнасці ў Кіеве заявіў Віталь Клічко, лідар парламенцкай фракцыі "Удар".
"Мы аб'явім страйк пасля святаў, — цытуе словы апазіцыйнага палітыка news.liga.net. — Мы скажам, што працаваць з гэтым урадам не будзем".
Віталь Клічко адзначыў, што калі ўлада робіць выгляд, што не чуе народ, то народ будзе аказваць ціск на ўладу.
29 снежня на Майдане сабраліся больш за 10 тысяч чалавек. Калона з 250 аўтамабіляў паехала пікетаваць рэзідэнцыю ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча.
Нагадаем, удзельнікі акцый пратэсту патрабуюць адстаўкі ўраду і прызначэння датэрміновых выбараў, пакарання вінаватых у жорсткім разгоне Майдана, падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС.