"Вочы рэжа, не прадыхнуць" — гамельчукі скардзяцца на дым ад пажараў
Задымленне ў Навазыбкаве і Клінцах 14 верасня
Жыхары Гомеля заўважылі сур'ёзнае пагаршэнне якасці паветра. Уначы 16 верасня яны сталі скардзіцца ў гарадскіх чатах на рэзкі пах гару, піша "Флагшток".
Журналісты выдання праверылі даныя сэрвісу AirMQ — ён пацвердзіў пагаршэнне якасці паветра. Метэаралагічны сервіс Worldview ад NASA паказаў, што 15 верасня ўсходні вецер нёс на Гомель дым ад пажараў з памежнай тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны і Бранскай вобласці Расіі.
Дым ад пажараў могуць адчуць жыхары паўночнага ўсходу Гомельшчыны і паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны.
У гомельскіх чатах мясцовыя жыхары пішуць:
"У кватэры ўжо вочы рэжа, стрэмна спаць класціся".
"У 5-м проста не прадыхнуць, было акно адкрыта на кухні, цяпер ва ўсёй кватэры смярдзіць".
"У 51-м такая ж гісторыя, увесь раён у нейкім дыме, смурод невыносны".
"Спаць проста немагчыма, прасмярдзела ўся кватэра".
"Лецішча за 40 кіламетраў ад горада, бліжэй да мяжы, дык там — хоць сякеру вешай".
Сітуацыя крыху палепшала пад раніцу 16 верасня. Найбольш моцнае забруджванне паветра зафіксаванае ў Навабеліцкім раёне. Высокі паказчык утрымання цвёрдых часціц у паветры быў зарэгістраваны і ў Мазыры.
Пах гару жыхары Гомельскай вобласці адзначалі і на пачатку верасня. Тады таксама ішоў дым ад трансгранічных пажараў паміж Браншчынай і Чарнігаўшчынай. Гэтыя лясы забруданыя радыенуклідамі. Такім дымам лепш не дыхаць, а фортачкі — зачыніць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.