Вольга Карач: Жанчына зможа перамагчы альфа-самца Лукашэнку

Паразмаўляць са старшынёй арганізацыі “Наш Дом” Вольгай Карач няпроста. У Беларусі яна бывае не часта, нумары тэлефонаў пастаянна змяняюцца. Але настойлівыя чуткі пра ўдзел Вольгі ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 змушаюць да размовы. Што і робім падчас кароткага знаходжання спадарыні Карач у Вільні, паміж наведваннем Швецыі і Эстоніі. Яна адразу заяўляе пра права жанчыны на сакрэты і ў выніку гэтымі сакрэтамі аказваецца запоўненай уся наша гутарка.

Еўрарадыё: Вольга, вы будзеце балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі, альбо не? Апошнім часам пра гэта шмат гавораць.

Вольга Карач: Пакуль што я маю толькі адзін адказ на гэтае пытанне — у любой жанчыны ёсць сакрэты. І хай гэтая інфармацыя будзе маім невялікім сакрэтам. Прыйдзе час — пабачым, будзе Вольга Карач кандыдатам, альбо не.

Еўрарадыё: А калі гэты час прыйдзе?

Вольга Карач: Думаю, у Беларусі нам вельмі не хапае палітычных інтрыгаў. Не хапае… Ведаеце, у нас усё так у жыцці зразумела, усе ведаюць, хто будзе наступным прэзідэнтам за паўгода, хто будзе у парламенце. Таму я думаю, што было б вельмі добра мець нейкую інтрыгу. Думаю, яшчэ трэба крыху пачакаць.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна вам стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі? Для гэтага трэба мець каманду, падтрымку іншых лідараў апазіцыі? Ці можа жанчына выйграць выбары прэзідэнта Беларусі?

Вольга Карач: Каманду павінен мець любы кандыдат, незалежна ад таго, мужчына ён ці жанчына. Але я лічу, што жанчына-кандыдат на наступных выбарах мае добрыя шансы. Дзякуючы Аляксандру Лукашэнку. Ён развіў бурную актыўнасць, патраціў шмат часу на тое, каб паказаць, які ён бацька, мега-мачо, альфа-самец. І гэтым самым стварыў нішу для жанчыны-палітыка. Скажам так, беларускай маці. Лукашэнка дэманструе якасці мужчынскага кіравання — жорсткі стыль, скандальнасць, ніякай міласэрнасці. Калі мы кажам пра маці, пра жаночы стыль кіравання — гэта заўсёды міласэрнасць, гэта разуменне праблем, неканфліктнасць і самае галоўнае — права на памылку. У Беларусі цяпер ніхто не мае права на памылку. І гэта тычыцца не толькі палітычных колаў, але і бізнэс-структур. Бізнесмены ідуць у турму праз нейкія тэхнічныя памылкі, якія можна было лёгка выправіць. Я думаю, што калі прэзідэнтам стане жанчына — наступіць эра міласэрнасці.

Еўрарадыё: Гэта ваша пазіцыя. Ці падзяляюць яе мужчыны-лідары апазіцыі? Яны гатовыя вас падтрымаць?

Вольга Карач: У беларускай апазіцыі ёсць такая праблема, якую я б назвала “Заўтра будзё ўжо позна, а сёння яшчэ рана”. Людзі кожныя выбары ўспрымаюць як свой апошні шанец. Таму ім цяжка дамовіцца. Але я думаю, што на выбарах 2015 года будзе адзін моцны кандыдат ад апазіцыі. Ад большасці, скажам так.

Еўрарадыё: А чым вы адрозніваецеся ад лідараў апазіцыі? Калі не браць пад увагу тое, што вы жанчына, вядома.

Вольга Карач: Ёсць розніца ў канцэпцыі, вельмі вялікая. Зразумела, што пол не мае значэння пры фарміраванні ідэалогіі. Калі глянем на спадарыню Ярмошыну, то ўбачым, што яна не дэманструе дэмакратычных якасцяў, альбо поглядаў. Жанчына ці мужчына, тут не так важна… Ведаеце, у мяне ёсць мара — я хачу і працую на тое, каб праз сто гадоў Беларусь была паважанай і моцнай краінай. Разумею, што гэта дзіўна гучыць. Але паглядзіце на Лукашэнку — для яго гісторыя Беларусі і тое, што адбываецца — яно пачынаецца з яго, і яно павінна ім скончыцца. І калі мы кажам пра апазіцыйных мужчын (я не хачу некага крытыкаваць), то часта адбываецца такая сітуацыя, што прыходзіць чалавек у апазіцыю, і для яго ўся гісторыя апазіцыйнага рухУ пачынаецца з яго. І чалавек пачынае не з таго, што ацэньвае ранейшыя памылкі, а пачынае з нуля. Усё, што было да яго, — не важна. Але гэта не так, гэта важна… Чаму я кажу пра стогадовую праграму? Нам трэба стварыць устойлівую платформу для краіны, для беларускага народа, для культуры. Лукашэнка стварыў сітуацыю тут і цяпер, але пры ёй праз 50 гадоў не застанецца ніводнага беларуса.

Еўрарадыё: Ці будуць за кандыдата-жанчыну галасаваць жанчыны?

Вольга Карач: Жанчына ў Беларусі вельмі часта імкнецца захаваць тое, што ёсць. Жанчыны не любяць шокавай тэрапіі. Зразумела, што трэба праводзіць эканамічныя рэформы. Але ад іх у першую чаргу пакутуюць неабароненыя групы грамадства — пенсіянеры, дзеці, жанчыны. І мы стараемся выпрацаваць такую платформу, якая будзе абараняць інтарэсы такіх груп. Жанчыне з двума дзецьмі без мужа складаней знайсці працу, чым мужчыну без дзяцей. І думаю, што цяпер у Беларусі жанчынам жывецца нашмат цяжэй, чым мужчынам. У іх значна больш праблем.

Еўрарадыё: Вольга, пра вас часта можна пачуць, але вы не жывяце ў Беларусі. Гэта насамрэч так?

Вольга Карач: Большую частку свайго часу я праводжу ў дарозе. У нас вельмі вялікая сетка па Беларусі, у нашай арганізацыі ёсць рэгістрацыя ў Чэхіі, ёсць рэгістрацыя ў Варшаве, ёсць вялікі тэхнічны офіс у Вільні, а газета наша зарэгістраваная ў Расіі. Гэта вялікая гаспадарка, яна вымагае вялікай колькасці падарожжаў. Сказаць, што я не жыву ў Беларусі — гэта не будзе праўдай. Я нават не магу назваць краіну, дзе цяпер праводжу больш часу. Нават не змагу назваць краіны, дзе праводжу 35% свайго жыцця. Заўтра, напрыклад, я з’язджаю ў Талін.

Еўрарадыё: Гэтыя бясконцыя падарожжы не замінаюць вам сачыць за сітуацыяй ў краіне?

Вольга Карач: Яшчэ адна праблема нашай палітыкі, што ўсе чакаюць аднаго палітыка-тэрмінатара. Гэта чалавек-адзіночка, які прыйшоў і ўсіх перамог. Палітыка — гэта камандная гульня. У кандыдата павінна быць вельмі добрая каманда. Вось усе кажуць — трэба ездзіць па гарадах. Не, ездзіць не трэба. Там трэба працаваць. Сістэму можна перамагчы толькі сістэмай, стварэннем іншай каманды. Вельмі важна адчуваць “пах” у грамадстве. Але самае галоўнае, што павінна быць, — гэта каманда. Усюды быць фізічна немагчыма. Я не магу ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях “Нашага Дома”, якія адбываюцца ў Беларусі і за яе межамі. Палітык не павінен быць адзін.

Еўрарадыё: Апазіцыю часта абвінавачваюць у тым, што яна далёкая ад народа. Што не ведае, чым жывуць людзі. Вы можаце абвергнуць гэты стэрэатып? Ведаеце, колькі каштуе хлеб у краме, малако? Колькі каштуе талончык на праезд у Мінску, Віцебску?

Вольга Карач: Наша арганізацыя вельмі добра ведае, што такое праблемы людзей. Яна стваралася як сетка, якая працуе з праблемамі. Напрыклад, з праблемай парковак, з праблемай высокіх бардзюраў, з іншымі праблемамі. Такіх праблем вельмі шмат. Вельмі важна зрабіць так, каб людзі самі паказвалі ўладам, што ёсць праблемы, каб людзі былі гатовыя гадамі змагацца за іх вырашэнне. Улада павінна быць для народа. Праблемы нарастаюць снежным комам. Іх трэба будзе некалі вырашаць радыкальна. Наша арганізацыя працуе, каб да радыкальнага вырашэння не дайшло.

Еўрарадыё: І апошняе пытанне – каго з еўрапейскіх, сусветных палітыкаў вы лічыце ўзорам для сябе? Сярод жанчын і мужчын.

Вольга Карач: Мне вельмі падабаецца, напрыклад, Маргарэт Тэтчар. Мне вельмі падабаецца Ангела Меркель. Я лічу іх вельмі добрымі ўзорамі моцнай жанчыны, якія прыйшлі ў складаны час, калі ў іх краінах было шмат праблем і стварылі ўстойлівую базу для таго, каб гэтыя краіны былі багатымі і паспяховымі… А мужчыны… Думаю, дзвюх жанчын будзе дастаткова.

Фота Alex Krum

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі