Вольга Конан: Я беларуска, гуляю за зборную Польшчы, а кахаю англічаніна

У прамым эфіры Еўрарадыё бадмінтаністка расказала пра сваё асабістае жыццё, трэніроўкі ў Заходняй Еўропе, знаёмствы з Надалем і Раналдзіньё, а таксама пра тое, што елі беларускія спартоўцы на Алімпіядзе і чаму хацелі як мага хутчэй з’ехаць з Пекіна. Нагадаем, Вольга Конан — тая самая беларуская бадмінтаністка, якая на мінулай Алімпіядзе ледзь не перамагла першую ракетку свету Ксі Ксі Фан. Да гэтага спартсменка выйгравала юніёрскі чэмпіянат Еўропы. Стала зразумела, што на лонданскай алімпіядзе Вольга рэальна зможа прэтэндаваць на чэмпіёнства.

Але беларускае Міністэрства спорту практычна адмовілася плаціць маладой зорцы заробак. Калі ж Вользе зрабілі аперацыю на калене, у Беларусі, па яе словах, не выдалі нават накаленнік. Кампетэнтнага трэнера міжнароднага ўзроўню ў Беларусь таксама не выпісалі. Бадмінтаністка перайшла ў зборную Польшчы.

Праз паўгода пасля гэтага Вольга дала інтэрв’ю ў жывым эфіры Еўрарадыё. Расказала пра пікантнасці Алімпіяды ў Пекіне, яе знаёмства з Раналдзіньё і Надалем, сваю перспектыўную кар’еру і каханка з Англіі.



“Пачула за спіной “Оla”, азірнулася – а там Надаль”

Падчас Алімпіяды-2008 у Пекіне усе спартсмены жылі ў алімпійскай вёсцы. І зоркі, і шараговыя. Аднойчы пасля матчу прагульваюся я па вуліцы і чую за спінай “Ola, Ola!” Думаю, што там сталася… Азірнулася – а там Рафаэль Надаль (першая ракетка свету па тэнісе, — Еўрарадыё). Мая сяброўка размаўляе па-іспанску, пытаемся, што яму патрэбна. Высветлілася, што Надаль размаўляў па тэлефоне, а на іх мове казаў у трубку “алё”, а не ola. Так мы пазнаёміліся, перакінуліся некалькімі словамі. У жыцці Рафаэль не такі яркі, як на корце, я яго нават пазнала не адразу”.

Аднаго разу чуем, што на вуліцы танцы, маскарад, барабаны. Гэта футбалісты зборнай Бразіліі адзначаюць перамогу. Мы да іх далучыліся, глядзім – а там Раналдзіньё – цешыцца, усміхаецца. Сфатаграфаваліся з ім. Файны хлопец. А вось зорка NBA Кобі Браян хадзіў па вёсцы з высока задзёртым носам, усіх ігнараваў, паглядаў на іншых з пагардай. Хоць харчаваўся толькі ў Макдональдсе.

Еўрарадыё: “А ты дзе ела?”

Вольга Конан: Там было шмат разнастайных рэстаранаў. Спачатку я налягала на пекінскую качку, але страва вельмі тлустая. Таму потым я перайшла на еўрапейскую кухню. Урэшце нават разнастайнае харчаванне надакучыла беларускім спартсменам. Некаторыя хацелі дадому, спрабавалі мяняцца білетамі, каб хутчэй адляцець на Радзіму. Не атрымалі ад Алімпіяды ўсёй магчымай асалоды.

“Беларускія трэнеры нават не прапанавалі мне вярнуцца”


З 14 гадоў я трэніруюся ў Нямеччыне, у Саарбрукене. Але выступала за зборную Беларусі, і марыла прыносіць медалі менавіта нашай камандзе. Але стаўленне да бадмінтону ў нас не змянілася.

Баялася прыязджаць у Беларусь больш чым на два тыдні. Трэнера няма, спарынг-партнёраў няма. Хадзіла ў трэнажорны зал і бегала кросы.

Праз паўгода пасля пераходу ў зборную Польшчы я нарэшце маю магчымасць выступаць. І ўжо перамагла на турніры Polish Open. Пасля гэтага лепшы клуб Германіі Bischmischeim запрасіў мяне ў свой склад першым нумарам. Але найбольш часу я праводжу ў Варшаве. Трэніруе нас тут кітаец. Жывем усёй камандай у добрым катэджы у квартале ад беларускай Амбасады. Сумую па Беларусі, але вяртацца на Радзіму баюся. Калі чую на спаборніцтвах, што мяне падтрымліваюць па-руску, вельмі натхняюся, калі па-беларуску, гэта яшчэ лепш.

Еўрарадыё: “Ці гуляла ты апошнім часам з беларускамі?”

Вольга Конан: Не, беларускі да мяне не даходзілі (усміхаецца, - Еўрарадыё). А калі сустракаліся з трэнерамі, проста віталіся, размовы не завязваліся.

Еўрарадыё: “А колькі зарабляюць бадмінтаністкі?”

Вольга Конан: Гэта не вялікі тэніс, заробкі істотна меншыя. У месяц лічыцца нармальным зарабляць каля трох тысяч еўра. Грошы сапраўды маленькія, але я проста вельмі люблю гуляць, фанат бадмінтона. Да таго ж спорт гэты вельмі экстрэмальны. Хуткасць палёту валана адразу ж пасля ўдару – як у сапраўднай кулі. Патрапіш у вока – і вока не будзе.

“Сустракаюся з хлопцам-англічанінам”

Раней мы выступалі за адзін клуб. Яго завуць Мэцью, ён сапраўдны джэнтэльмен, але вельмі раўнівы. Жывем мы ў розных краінах, таму не можам бачыцца ўвесь час.

Еўрарадыё: “Дык што, беларусы горшыя за англічан?”

Вольга Конан: Я не ведаю гэтага, бо з 14 гадоў трэніруюся ў Заходняй Еўропе. Немцы, напрыклад, вельмі лянівыя, палякі празмерна брыдкасловяць. Дзяўчаты беларускія дык дакладна найлепшыя.

“Англійскай мове навучылі яшчэ ў беларускай школе”

Дзякуючы пераездам я вывучыла некалькі замежных моў. Магу размаўляць па-нямецку, трошкі па-польску. А найлепш ведаю ангельскую мову, можна сказаць – у дасканаласці. Навучылі мяне ангельскай яшчэ ў беларускай спецыялізаванай школе, дзе на яе рабіўся ўхіл.  

Еўрарадыё: "Дык што, ты застанешся без вышэйшай адукацыі?"

Вольга Конан: Я павінна была навучацца ў нямецкім універсітэце, але перавялася ў Акадэмію эканомікі польскага горада Лодзь. Буду навучацца на спартыўнага менеджэра. Адукацыю я атрымаю добрую.

“Мае планы – калі не золата Алімпіяды ў Лондане, то медаль дакладна”


Еўрарадыё: "Калі адбудзецца чэмпіянат свету па бадмінтоне, каб за цябе хварэць?"

Вольга Конан: Бліжэйшы чэмпіянат я прапушчу з-за таго, што перайшла ў польскую зборную. А з наступнага года буду накіравана на падрыхтоўку да лонданскай Алімпіяды 2012 года. Я цвёрда планую заваяваць золата, калі не золата, то медаль дакладна.

Еўрарадыё: "Дык ці лічыць цябе беларускай?"

Вольга Конан: Вядома! Проста так склаліся абставіны. Так і ведайце калі я выступаю, то прадстаўляю ў тым ліку і Беларусь...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі