Вольга Корбут прадае на аўкцыёне свае алімпійскія медалі
У Даласе заўтра і паслязаўтра пройдзе аўкцыён Platinum Night ("Плацінавая ноч"). Галоўнымі лотамі на ім будуць узнагароды чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут і вядомага шматлікімі трукамі на матацыкле каскадзёра Івела Кнівела. Арганізатары аўкцыёну разлічваюць, што агульная сума продажаў перавысіць 10 млн долараў, піша sb.by.
Дырэктар Heritage Sports Collectibles Крыс Іві заявіў, што калекцыянеры 40 гадоў чакалі магчымасці набыць скарбы ад Корбут і Кнівела.
Вольга Корбут выставіла на аўкцыён сваю вялікую калекцыю ўзнагародаў і значкоў. Славутая беларуская гімнастка прадае сярод іншага пяць алімпійскіх медалёў з Мюнхена-1972 і Манрэаля-1976, гімнастычны купальнік, у якім яна выступала на чэмпіянаце Еўропы ў Лондане ў 1973 годзе, і значок майстра спорту СССР, які яна атрымала ў 1970 годзе.
Паўдзельнічаць у аўкцыёне праз інтэрнэт на сайце ha.com можа кожны ахвочы.