Вольга Корбут прадала на аўкцыёне свае алімпійскія медалі
Вольга Корбут прадала на аўкцыёне свае 5 алімпійскіх медалёў, заваяваных у Мюнхене ў 1972-м і ў Манрэалі ў 1976-м. Як інфармуе сайт myfin.by, узнагароды знакамітай беларускай гімнасткі калекцыянеры купілі на амерыканскім аўкцыёне Heritage Auctions за 229 200 долараў (раней меркавалася, што будзе атрыманая значна большая сума). Вядома, што камандны залаты медаль Алімпіяды 1972 года прадалі за 66 тысяч долараў, камандны залаты медаль Алімпіяды 1976 года — за 57 600 долараў. Індывідуальная ўзнагарода Корбут за вольныя практыкаванні каштавала $52 800. За два "срэбра" заплацілі па 26 400 долараў.
З атрыманай за ўзнагароды сумы былая гімнастка атрымае верагодна толькі 80%, гэта крыху больш за 180 тысяч долараў. Дарэчы, беларуска прадала на аукцыёне і свой гімнастычны касцюм, у якім яна выступала на "Уэмблі" ў Лондане ў 1973-м. За яго заплацілі 3 тысячы долараў.
У Вольгі Корбут быў яшчэ адзін залаты медаль Алімпіяды ў Мюнхене, але яго, нібыта, раней скралі.