Ворсін намякнуў: Выбары у Федэрацыю хакея маглі перанесці з-за негатоўнасці
Таксама яшчэ дзейны кіраўнік ФХРБ каментуе інфармацыю пра тое, ці патрабуюць клубы экстралігі ад “Дынама-Мінск” па 100 тысяч долараў за хакеіста.
У аўторак 26-га жніўня павінны былі адбыцца выбары на пост новага кіраўніка Федэрацыі хакея, але іх перанеслі на нявызначаны тэрмін. Раней Яўген Ворсін паведаміў пра рашэнне пакінуць гэту стратэгічную пасаду.
Цікавімся ў яшчэ дзейнага кіраўніка, чаму выбары былі нечакана перанесеныя.
“Гэта мы ўжо ў сябе будзем разбірацца, як мы аказаліся гатовыя — не гатовыя. Дайце нам спачатку самім абмеркаваць гэта ўсё”, ― асцярожна намякае Яўген Ворсін на магчымую негатовасць Федэрацыі да справаздачна-выбарчай канферэнцыі.
Напярэдадні выбараў у прэсе здарылася вострая палеміка паміж “рознымі лагерамі”, якія сёння руляць беларускім хакеем.
Генеральны менеджар “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў па сутнасці абвінаваціў клубы экстралігі ў тым, што яны спыняюць развіццё бела-блакітных у КХЛ. У прыватнасці, замест таго, каб узмацняць галоўную хакейную каманду, прадстаўнікі экстралігі неабгрунтавана зараджаюць за кожнага гульца па 100 тысяч долараў.
У адказ Федэрацыя хакея на сваім афіцыйным сайце выказала меркаванне, што клубы экстралігі наадварот ідуць насустрач “Дынама-Мінск” і выстаўляюць адну ўмову: калі гульцы не падыдуць беларускаму прадстаўніку ў КХЛ, то каб іх вярнулі назад, а не адправілі ў дынамаўскі дубль.
“Дык ці фігуравалі сумы ў 100 тысяч долараў за хакеіста?” ― цікавімся ў Яўгена Ворсіна.
“У перамовах былі не ўмовы, а абазначэнні, што гэтых гульцоў за такія грошы хацелі б прадаць. Гэта перамоўны працэс, развагі, вывучэнні пунктаў гледжання. Не больш за тое, ― выказваецца дзейны кіраўнік ФХРБ. ― Людзі не патрабавалі грошай і пагадзіліся бясплатна аддаць гульцоў. Таму ўсё, што надумаў паважаны таварыш Беражкоў, няхай гэта застанецца на яго сумленні”.
Фота belport.by