Вуліцы Камсамольскую і Рэвалюцыйную ў Мінску закрыюць для аўто амаль на год
У кастрычніку ў Мінску часова закрыецца аўтарух па вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Пра гэта журналістам парталу tut.by паведамілі ў УП "Мінская Спадчына".
Такая мера звязаная з будаўніча-мантажнымі работамі на вуліцы Камсамольскай — ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да Нямігі, а таксама на вуліцы Рэвалюцыйнай, якую будуць зачыняць паэтапна. У кастрычніку на гэтых вуліцах плануецца пачаць рэканструкцыю. Завяршыць яе мяркуецца ў чэрвені 2018 года.
Галоўны інжынер "Мінскай Спадчыны" Міхаіл Жых распавёў, што з гэтых вуліц прыбяруць асфальт як "экалагічна неапраўданы матэрыял" і заменяць яго на плітку. "Нармальнага пакрыцця там няма ўжо дзясяткі гадоў, пешаходны і аўтамабільны трафік там у жахлівым стане. Таму галоўная наша задача — выправіць гэтую сітуацыю і стварыць нармальныя ўмовы для пешаходаў", — патлумачыў спецыяліст.
Паведамляецца, што пасля рамонту на гэтых участках пешаходы атрымаюць прыярытэт. З транспарту ў гэтыя кварталы будуць дапускацца тэхналагічныя машыны для абслугоўвання аб'ектаў, якія там знаходзяцца, і аўтамабілі жыхароў дамоў.