Вы знайшлі на вуліцы мільён долараў, што рабіць?
Калі праз паўгода гаспадар не знойдзецца, грошы вашы.
Гісторыя пра студэнта, які знайшоў 1800 долараў у цэнтры Мінска, звярнуўся ў міліцыю, а тая знайшла гаспадара, зачапіла многіх. Сумленны студэнт, гаспадар знайшоўся, усе шчаслівыя. Як даведваецца Еўрарадыё, гаспадар нават падзяліўся грашыма з тым студэнтам, але суму яны не агалошваюць.
Паглядзім, як бы развівалася гэтая гісторыя ў альтэрнатыве.
“Я знайшоў грошы, а ў міліцыю не пайшоў, пакінуў сабе”
Паводле Грамадзянскага кодэксу вы мусіце звярнуцца ў міліцыю і паведаміць пра знаходку. Няважна, грошы гэта ці нейкая каштоўнасць. “Той, хто знайшоў, абавязаны паведаміць пра знаходку ў органы ўнутраных спраў”, — гаворыць нам Грамадзянскі кодэкс. Інакш можна трапіць пад два артыкулы: адзін крымінальны, другі адміністрацыйны. Калі вы знайшлі больш за 11 тысяч долараў (тысячу базавых) і гаспадар звярнуўся ў міліцыю, то можна атрымаць грамадскія працы, штраф ці арышт на 3 месяцы.
Калі сума меншая за 1000 базавых, могуць пакараць папярэджаннем ці штрафам у 900 тысяч. Грошы, вядома, перададуць гаспадару.
“Я знайшоў грошы, але іх гаспадар не адшукаўся”
Калі грошы вы знайшлі і паведамілі ў міліцыю, то яны будуць шукаць гаспадара паўгода. Грошы вы можаце пакінуць у сябе (гэта дазваляе Грамадзянскі кодэкс). Калі гаспадар за гэты час не знойдзецца, грошы вашыя.
“Калі за паўгода пра рэч ніхто не заяўляе, напрыклад, яна захоўваецца ў таго, хто знайшоў, то яна пераходзіць да яго ва ўласнасць”, — тлумачаць у міліцыі.
У Грамадзянскім кодэксе чытаем:
“Калі на працягу шасці месяцаў з моманту заявы аб знаходцы ў орган унутраных спраў або орган мясцовага кіравання і самакіравання асоба, упаўнаважаная на атрыманне страчанай рэчы, не будзе высветленая і не заявіць пра сваё права на рэч, асоба, якая знайшла рэч, набывае права ўласнасці на яе. Калі асоба, якая знайшла рэч, адмовіцца ад набыцця яе ва ўласнасць, знойдзеная рэч паступае ў камунальную ўласнасць”.
“Я знайшоў грошы на сметніку, ці трэба заяўляць? Іх жа выкінулі!”
Прыклад знаходак прыводзяць у Генпракуратуры: грошы адшукалі на сметніку. І іх пакінулі тым, хто іх там знайшоў.
“Быў такі кур’ёзны выпадак. І ў чалавека была падстава думаць, што нехта іх выкінуў. Калі ён у такім выпадку прысвоіць гэтыя грошы, яго вельмі складана будзе за нешта пакараць”.
Але ў адвакацкай кансультацыі ўсё ж раяць звяртацца ў міліцыю ў любым выпадку, бо да гэтага абавязвае Грамадзянскі кодэкс.
“Я згубіў грошы, як мне ў міліцыі давесці, што яны мае?”
Вас папросяць патлумачыць, у чым былі грошы, як выглядалі партманэ ці гаманец, што там было апроч грошай. Калі партманэ не было, могуць папрасіць апісаць скрутак і нават прыгадаць купюры, іх намінал.
“Напрыклад, выпадак з партманэ. Кажуць, тады апішы партманэ, што ў ім. Могуць некаторы час яшчэ праводзіць праверку, пасля аддаюць”, — апісваюць у Генпракуратуры.
“Дзе захоўваюцца рэчы, якія згубілі?”
Бюро знаходак, як было ў савецкім мульціку, няма. Кожны аддзел адказвае за тое, што прыносіцца да іх. Напрыклад, у транспартнікаў такія рэчы асобна захоўваюцца ў пэўным памяшканні. Калі грошы прыносяць у міліцыю, яны захоўваюцца ў міліцыі.
Фото: artleo.com