Вяскоўцы дамагліся вяртання чыгуначнага прыпынку

Cтала гэта магчымым дзякуючы актыўнай пазіцыі моладзі, якая арганізавала збор подпісаў пад зваротам да ўладаў і кіраўніцтва Беларускай чыгункі.

Да траўня гэтага года ў Загацці спыняліся цягнікі Мінск Полацк і Віцебск Друя Лынтупы, што забяспечвала добрую камунікацыю вёскі Ломашы ды суседніх вёсак з абласным цэнтрам і сталіцай. Потым кіраўніцтва чыгункі адмяніла абодва цягнікі, прызначыла замест іх цягнік Мінск Віцебск, які ў Загацці не спыняўся.

Адметна, што да 1939 года Загацце было прыгранічнай станцыяй, і цягнікі адсюль хадзілі да Вільні і нават да Варшавы. Тут захаваўся будынак вакзала, пабудаваны яшчэ ў XIX стагоддзі. Побач з Загаццем знаходзіцца вялікая вёска Ломашы.

Адмену прыпынку кіраўніцтва чыгункі тлумачыла малым пасажырапатокам. Гэта абурыла вяскоўцаў, і яны сабралі больш за 200 подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва чыгункі з патрабаванням вярнуць ім прыпынак. Адметна тое, што ініцыятыву праявіла моладзь, якая стварыла адмысловую групу у сацыяльнай сетцы Укантакце. Праз гэту групу шукалі новых валанцёраў і каардынаваліся дзеянні. Леся Бурта, якая вучыцца ў Полацку, сабрала большую частку подпісаў. Расказвае дзяўчына:

 “Я сядзела ў інтэрнэце і зайшла ў групу, каб зрабіць прыпынак. Я паглядзела каментарыі і вырашыла дабавіць свой. Калі гэта акцыя пачалася, адміністратар групы звярнуўся, хто чым можа дапамагчы. Я прапанавала, што магу сабраць подпісы, прайсціся па вёсках. Ну, прайшла, сабрала, мне гэта нічога такога не каштавала”.

Жыхары Ломашаў і навакольных вёсак паказалі прыклад таго, што разам можна бараніць свае інтарэсы перад дзяржаўнымі структурамі. Асабліва важна, што ініцыятыву праявіла моладзь. І вынік дасягнуты, з 27 кастрычніка цягнікі будуць спыняцца на чыгуначным прыпынку Загацце.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі