Выбаршчык: “А калі шчыра, выбіраў наўгад!”
У другі дзень датэрміновых выбараў Еўрарадыё даведалася ў выбаршчыкаў, чым іх чапляюць кандыдаты.
Першы ўчастак для галасавання — Аэрафлоцкая выбарчая акруга № 18, што месціцца ў працоўным інтэрнаце “Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407”. Тут сумна: нікога, толькі міліцыянер наразае кругі, ды назіральнік рэжуцца ў гульні на планшэце.
Пытаюся, дзе можна знайсці праграмы кандыдатаў. Члены выбарчай камісіі разводзяць рукамі, падводзяць да стэнда, дзе вывешаныя толькі біяграфіі трох: Чуро, Даніловіч, Антонаў.
“Ну вось, такую інфармацыю толькі прадаставілі кандыдаты, а больш няма”.
Мужчына з пакетам ежы галасуе з ходу, нават не даходзячы да кабінкі для галасавання. Пытаюся, як ён выбіраў свайго кандыдата? Той адмахваецца, а потым здалёк крычыць:
“А калі шчыра, наўгад!”.
Марына з мужам жывуць у гэтым жа інтэрнаце, яшчэ не галасавалі. Але кажуць, што прагаласуюць за таго, хто працуе ў авіяцыі, як і сама яна з мужам:
"Бо ён ў авіяцыі працуе, як і мы".
Адказаць, чаму аддасць свой голас за канкрэтнага кандыдата дзяўчына Вікторыя з немаўляткам ў калясцы таксама не можа. Яна бачыла толькі біяграфію, праграму не бачыла ў вочы, але ўпэўненая, што “праграма і нават выступленні кандыдата дзесьці ёсць”.
Вікторыя ўспамінае, што за гэтага ж кандыдата яна галасавала і ў мінулы раз. Пытаюся, дык што ж зрабіў дэпутат за гэты час?
Вікторыя: “Шчыра, не ведаю. Я не адсочвала гэта. Будзем галасаваць, бо мы жывём у інтэрнаце ад авіязавода і гэтага чалавека ў сферы авіяцыі мы ведаем”.
На Чкалаўскім выбарчым ўчастку № 19, што ў школе № 1 пуста. З пяці кандыдатаў, перадвыбарчая праграма чамусьці толькі ў аднаго — Дзмітрыя Мелікяна, які не мае ва ўласнасці нічога і з’яўляецца генеральным дырэктарам РУП “Нацыянальны аэрапорт “Мінск””.
Члены выбарчай камісіі Міхаіл Іванавіч і Алена Віктараўна напружваюцца ад з’яўлення журналіста.
Кажуць, што людзі ідуць, з 2400 выбаршчыкаў прагаласавалі 52 чалавекі. Чакаюць нядзелю і свята:
“Людзям свята хочацца. У нядзелю будзе канцэрт — дзеці арганізоўваюць, і буфет”, — наперабой рэкламуюць мерапрыемства члены выбарчай камісіі.
Звяртаю ўвагу на пустыя крэслы назіральнікаў, Алена Віктараўна разводзіць рукамі:
“Самі чакаем — няма!”
За 20 хвілін галасаваць датэрмінова прыйшоў толькі адзін выбаршчык Павел. Пытаюся, чым яго зачапіў кандыдат, якога выбраў?
“Мне прыходзілі запрашэнні ў паштовую скрыню”, — кажа Павел. Высвятляецца, што гэта было запрашэнне з пералічэннем біяграфічных звестак кандыдатаў, дзе нарадзіўся, ажаніўся і колькі даходу мае. І гэтых звестак для выбаршчыка Паўла дастаткова.
У пенсіянера Аляксандра Паўлавіча на вуліцы Рабкораўскай пытаюся, чаму не галасуе. Той не ўхваляе датэрміновыя выбары, кажа, што прагаласуе толькі ў дзень выбараў!
“Мне абыякаваыя гэтыя кандыдаты. Я чытаў у газеце, яны ўсе багатыя! Даход па 200-300 мільёнаў у год, а бедных не многа. Бедных мала вельмі, адзінкі! Дык навошта мне такія кандыдаты — усіх павыкрэсліваю”, — уражвае пенсіянер.
Затое на выбарчым участку ў Інстытуце культуры не веру сваім вачам — чарга!
Дзяўчаты ды хлопцы галасуюць хутка. Каго ні спытаю, усё за свайго рэктара, ён жа кандыдат у дэпутаты Юрый Бондар. “Бо ён чалавек харошы, і адказны”, — такая матывацыя.
Студэнт Іван чакае ад рэктара-дэпутата найхутчэйшага будаўніцтва спорткомплекса. На гэта ж разлічвае і студэнтка Валянціна.
“Ён ўжо некалькі гадоў будуецца, я ўжо на трэці курс перайшла, а ён ўсё будуецца. Мы бегаем на вуліцы, хварэем. Вельмі разлічваем, што таксама навядуцца парадкі ў інтэрнаце. А то там страх што творыцца”.
“Адказнасць, і дабрапарадачнасць — галоўныя фактары, за якія я галасаваў”, — дадае студэнт Іван.
З ўсіх участкаў для галасавання гэты самы людны. З 2100 чалавек тут ужо прагаласавала 386 студэнтаў.