Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Магілёўская вобласць
Сёлетняя парламенцкая кампанія такі крыху здзівіла аматараў прагнозаў. Апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якім прадказвалі працяг дэпутацкіх мандатаў, нават не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатак! І ўсё ж Еўрарадыё рызыкне зрабіць свой прагноз. Але крыху іншым чынам.
Мы ўважліва вывучылі спіс кандыдатаў, улічылі самаадводы і “чырвоныя карткі” ад выбарчых камісій і найперш вызначыліся з тымі, за каго б самі прагаласавалі ў кожнай з акруг. Пераважная большасць фаварытаў — маладыя, адукаваныя, дзёрзкія — з якімі Палата прадстаўнікоў ажыла б. Але ёсць і старая гвардыя — кандыдаты з вялікім кандыдацкім досведам.
Увага! Выбар рэдыкцыі можа не супадаць з канчатковым рашэннем Цэнтрвыбаркама! Таму мы вызначылі і 110 кандыдатаў, якія, на нашую думку, маюць найбольшыя шанцы быць абранымі ў дэпутаты (у тэксце яны пазначаныя як кандыдаты-спойлеры). Шукайце сваю акругу — а далей вашая справа: пагаджацца з нашым выбарам ці не!
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Мінск
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Брэсцкая вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Віцебская вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Гомельская вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Гродзенская вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Мінская вобласць
Магілёўская вобласць:
Бабруйская-Ленінская выбарчая акруга № 78
Эдуард Нарышкін
Па першай жа бабруйскай акрузе ў спісе ЦВК у парламент балатуецца дзейная дэпутатка Ірына Рынейская, таму выбіраць кагосьці з іншых кандыдатаў — справа няўдзячная. Але мы праглядзелі кандыдатаў і абралі намесніка дырэктара прыватнага прадпрыемства “Інвестыцыйнае канструяванне” Эдуарда Нарышкіна.
Кандыдат-спойлер: Ірына Рынейская
Пра яе мы расказалі вышэй.
Яшчэ тут балатуюцца сацыяльны работнік, электраманцёр, дырэктар Палаца мастацтва, дырэктар будаўнічай фірмы і медсястра.
Бабруйская-Першамайская выбарчая акруга № 79
Дзяніс Худавец
Тут Еўрарадыё аддае перавагу 31-гадоваму сябру АГП. Пра яго вядома толькі, што даглядае інваліда I групы. Зможа ў парламенце бараніць правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Кандыдат-спойлер: Антон Богуш
Самы праўладны кандыдат — галоўны ідэолаг дзяржаўнага прадпрыемства “ТАіМ”, якое ўваходзіць у холдынг “Белаўтамаз” і пастаўляе прадукцыю на мазаўскі канвеер.
Іншыя кандыдаты: кантралёр “Белшыны” і дырэктар Бабруйскага дзяржаўнага каледжа.
Бабруйская сельская акруга № 80
Адзіны кандыдат: Уладзімір Гацко
У Бабруйскім раёне толькі два кандыдаты ў дэпутаты. Гэта дырэктар Бабруйскага лясгаса і галоўны ўрач Бабруйскай цэнтральнай бальніцы. На нашу думку, выйграе доктар-функцыянер Уладзімір Гацко, і яго ж прапанавалі б абраць дэпутатам і мы.
Быхаўская выбарчая акруга № 81
Сяргей Лебедзеў
Тут мы доўга вагаліся і не маглі выбраць паміж будаўніком, электрыкам і ветэрынарам. Спыніліся ўсё ж на загадчыку Магілёўскай раённай ветстанцыі. Хай у парламенце будзе больш гуманітарыяў.
Кандыдат-спойлер: Сяргей Сыранкоў
А выйграе выбары ў Быхаве, напэўна, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, сябра Камуністычнай партыі 1983 года нараджэння.
Гарэцкая выбарчая акруга № 82
Максім Жарноўскі
У Горках балатуецца дзейны дэпутат, таму наш выбар чыста намінальны. Максім Жарноўскі сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, часова не працуе, 1965 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Алена Калеснева
1967 год нараджэння, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Сапернікі: дырэктар філіяла “Беларусбанка”, маркетолаг сельгасакадэміі і загадчык майстэрняў племяннога завода.
Крычаўская выбарчая акруга № 83
Валерый Каранкевіч
У Крычаве ўсяго тры кандыдаты, а апазіцыянер толькі адзін — гэта пенсіянер з Партыі БНФ 1955 года нараджэння. Яго і выбірае Еўрарадыё, не толькі ж праўладным пенсіянерам у парламенце сядзець!
Кандыдат-спойлер: Аляксандр Сівянкоў
Найбольш імаверны пераможца выбараў — загадчык лакаматыўнага дэпо “Крычаў” Беларускай чыгункі 1963 года нараджэння.
Акрамя іх, тут балатуецца дырэктар Клімавіцкага лясгаса.
Магілёўская-Ленінская выбарчая акруга № 84
Фрылансер 1968 года нараджэння Яўген Глушкоў прадстаўляе Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). У гэтай акрузе абсалютна не важна, каго абярэ Еўрарадыё, таму што — глядзіце ніжэй.
Кандыдат-спойлер: Ігар Марзалюк
Галоўны пляскальнік у далоні падчас выступаў Лукашэнкі і вельмі чулая, аж да слёз, натура — відавочна, што дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк застанецца з намі.
Астатнія кандыдаты: прадпрымальнік з ЛДПБ, намеснік дырэктара “Магілёўліфтмаша”, дырэктар прыватнай установы з АГП і менеджар прыватнай фірмы.
Магілёўская-Цэнтральная выбарчая акруга № 85
Таццяна Сівачэнка
Прадстаўніца прыватнага бізнесу з АГП 1986 года нараджэння. Працуе намесніцай дырэктара вытворчага прадпрыемства “Прамысловыя тэхналогіі і комплексы”. Няхай бы паспрабавала адстойваць правы бізнесу праз парламент.
Кандыдат-спойлер: Людміла Ільінская
Дырэктар Магілёўскага гандлёвага каледжа 1974 года нараджэння, сябра Камуністычнай партыі Беларусі.
Таксама тут балатуюцца прадпрымальнік з ЛДПБ, малады апазіцыянер, які часова не працуе, дырэктар школы, піяршчык-камуніст, прадпрымальнік з Партыі БНФ і дырэктар Школы здароўя.
Магілёўская-Кастрычніцкая выбарчая акруга № 86
Марыя Мацюха
Менеджар па продажах у індывідуальнага прадпрымальніка 1992 года нараджэння, сябра ЛДПБ. Як кажуць, на бязлюддзі і поп чалавек. Што ж паробіш...
Кандыдат-спойлер: Вольга Петрашова
І зноў на другі тэрмін ідзе цяперашні дэпутат. Што яму можа перашкодзіць? Рытарычнае пытанне.
Іншыя кандыдаты: два пенсіянеры з БСДП (Грамада) і АГП і дырэктар вагонабудаўнічага завода.
Магілёўская-Прамысловая выбарчая акруга № 87
Яшчэ адзін прадстаўнік прыватнага сектара — спецыяліст па продажах фірмы “Чырвонае сонца” 1983 года нараджэння, сябра БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтаў. Можа, навучыць дэпутатаў прымаць законы, якія садзейнічалі б продажу беларускіх тавараў.
Кандыдат-спойлер: Віктар Аляксейкаў
Медыцынскі функцыянер 1974 года нараджэння, галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 6. У менеджараў з ліку медыкаў, таксама як і са сферы адукацыі, традыцыйна вялікія шанцы трапіць у парламент.
Іх сапернікі: дырэктар цэнтра алімпійскага рэзерву, пенсіянерка з АГП і намеснік дырэктара прыватнай фірмы з ЛДПБ.
Магілёўская сельская выбарчая акруга № 88
Аляксандр Лабадыроў
У Магілёўскім раёне праз адсутнасць маладых і ініцыятыўных апазіцыйных кандыдатаў Еўрарадыё выбірае прадстаўніка прыватнага бізнесу з ЛДПБ, дырэктара ТАА “СпецАўтаТэхналогіі” 1982 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Наталля Тарасенка
Тое, што мы пісалі пра папярэднюю акругу, цалкам падыходзіць і сюды. Сустракайце начальніцу аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама, якая ў хуткім часе пераедзе ў Мінск.
Іншыя кандыдаты: пенсіянерка з АГП, інжынер жылкамгаса і загадчык склада.
Асіповіцкая выбарчая акруга № 89
Яўген Мацюха
Зноў прадстаўнік ЛДПБ трапляе ў спіс Еўрарадыё. Малады індывідуальны прадпрымальнік 1988 года нараджэння падаецца нам найлепшым кандыдатам у Асіповічах.
Кандыдат-спойлер: Наталля Кніга
Галоўны прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла — дырэктар клічаўскай сярэдняй школы № 1 1974 года нараджэння.
Таксама тут балатуюцца пенсіянерка з АГП і галоўрэд дзяржаўнага інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці”.
Шклоўская выбарчая акруга № 90
Таццяна Шамбалава
Ну і нарэшце радзіма Аляксандра Лукашэнкі, і яна закрывае наш вялікі матэрыял з некалькіх частак.
Еўрарадыё топіць за страхавога агента 1986 года нараджэння, якая прадстаўляе аргкамітэт па стварэнні партыі БХД, але вылучаецца ад АГП. Таксама тут хочуць стаць дэпутатам дырэктар школы-інтэрната, прадпрымальнік з Партыі БНФ і старшыня таварыства ўласнікаў з БСДП (Грамада). Але Еўрарадыё абрала самага маладога кандыдата.
Кандыдат-спойлер: Андрэй Ганчук
А ў парламент трапіць, хутчэй за ўсё, старшыня Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў 1979 года нараджэння. Гэты дэпутат проста пераходзіць на ўзровень вышэй. Усё, што трэба рабіць у дэпутацкім крэсле, ён ужо ведае.