Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Мінская вобласць
Сёлетняя парламенцкая кампанія такі крыху здзівіла аматараў прагнозаў. Апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якім прадказвалі працяг дэпутацкіх мандатаў, нават не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатак! І ўсё ж Еўрарадыё рызыкне зрабіць свой прагноз. Але крыху іншым чынам.
Мы ўважліва вывучылі спіс кандыдатаў, улічылі самаадводы і “чырвоныя карткі” ад выбарчых камісій і найперш вызначыліся з тымі, за каго б самі прагаласавалі ў кожнай з акруг. Пераважная большасць фаварытаў — маладыя, адукаваныя, дзёрзкія — з якімі Палата прадстаўнікоў ажыла б. Але ёсць і старая гвардыя — кандыдаты з вялікім кандыдацкім досведам.
Увага! Выбар рэдыкцыі можа не супадаць з канчатковым рашэннем Цэнтрвыбаркама! Таму мы вызначылі і 110 кандыдатаў, якія, на нашую думку, маюць найбольшыя шанцы быць абранымі ў дэпутаты (у тэксце яны пазначаныя як кандыдаты-спойлеры). Шукайце сваю акругу — а далей вашая справа: пагаджацца з нашым выбарам ці не!
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Мінск
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Брэсцкая вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Віцебская вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Гомельская вобласць
Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Гродзенская вобласць
Мінская вобласць:
Бярэзінская акруга № 61
Уладзімір Моніч
У Бярэзінскай акрузе выбіраць амаль няма з каго — тут толькі тры кандыдаты. Па сутнасці, яны ўсе праўладныя, аднак Еўрарадыё выбірае меншую з трох бед — дырэктара фірмы “Сіці касметык” 1976 года нараджэння з Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
Кандыдат-спойлер: Ігар Лаўрыненка
Перамогу ж атрымае, магчыма, прадстаўнік Міністэрства абароны 1961 года нараджэння.
Трэці кандыдат у акрузе — прафсаюзны дзеяч з Камуністычнай партыі.
Барысаўская гарадская акруга № 62
Павел Рудакоўскі
Маладосць — гэта тое, на што робіць стаўку Еўрарадыё. Наш кадыдат — беспартыйны тэхнік-тэхнолаг на вытворчасці ТАА “СісЭйТі” 1996 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Аляксандр Шыпула
Галоўны ўрач Барысаўскага радзільнага дома 1972 года нараджэння. Функцыянер ад сферы аховы здароўя. Не самы благі варыянт.
Іншыя сапернікі: беспартыйныя інжынер і прыёмшчык цягнікоў ды сябра ЛДПБ, які часова не працуе.
Барысаўская сельская выбарчая акруга № 63
Ігар Закрэўскі
Тут толькі два кандыдаты. Выбіраем менеджара фірмы “Трэвіс-аўто” 1991 года нараджэння, які прадстаўляе ЛДПБ.
Кандыдат-спойлер: Лілія Ананіч
Але ні ў кога няма шанцаў, калі па тваёй акрузе балатуецца былы міністр інфармацыі, а цяпер усяго толькі намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч.
Жодзінская выбарчая акруга № 64
Ева Сапрыгіна
Адзіны прадстаўнік апазіцыі з удзельнікаў выбараў у Жодзіне — 30-гадовая цырульнік з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Эпатажную Еву Сапрыгіну і пазначаем нашай фаварыткай. Прынамсі, было б весела ў Палаце прадстаўнікоў.
Кандыдат-спойлер: Валерый Стральчонак
Нам падаецца, што ў парламент ад Жодзіна трапіць намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Жодзінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Ручны камуніст будзе галасаваць як трэба і не высоўвацца.
Іншыя кандыдаты тут: юрыст з ЛДПБ, рабочы БелАЗа, інжынер ТЭЦ і рыэлтарка з апазіцыйных камуністаў.
Пухавіцкая выбарчая акруга № 65
Дзмітрый Пілюк
Апазіцыйных кандыдатаў у Мінскай вобласці пакуль што мала. Але ў Пухавічах ёсць яўны фаварыт улады, які трапіць у парламент на 100%. Таму Еўрарадыё метадам тыку выбрала дырэктара фірмы “Хольцмайстар” з ЛДПБ 1983 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Алег Белаконеў
Будучы дэпутат — начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл, першы намеснік міністра абароны 1965 года нараджэння.
Астатніх кандыдатаў можна не пералічваць.
Капыльская выбарчая акруга № 66
Аляксей Музыкін
Камуніста — старшыню Пацейкаўскага сельскага выканаўчага камітэта мы выбіраць не будзем, таму спыніліся на дырэктару фірмы “ТэхнаГлоубІндастры” з ЛДПБ 1982 года нараджэння.
Кандыдат-спойлер: Людміла Ніжэвіч
Фаварыт — цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.
Слуцкая выбарчая акруга № 67
Анатоль Юрэвіч
Ад Слуцка Еўрарадыё абірае немаладога, але адзінага прадстаўніка апазіцыі — сябра БСДП (Грамада) 1960 года нараджэння, які часова не працуе.
Кандыдат-спойлер: Валянціна Ражанец
Але выйграць выбары ён наўрад ці зможа. Яму ды іншым кандыдатам супрацьстаіць дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, таму ў Слуцку, на жаль, без варыянтаў.
Сапернікі: начальнік слуцкага філіяла “Белпошты” і намеснік дырэктара фірмы з ЛДПБ.
Салігорская гарадская акруга № 68
Вадзім Балаеў
Тут нашу ўвагу прыцягнуў толькі беспартыйны індывідуальны прадпрымальнік 1989 года нараджэння. Акрамя яго і праўладнага кандыдата, у Салігорску балатуюцца ў дэпутаты яшчэ дырэктар фірмы з ЛДПБ і дырэктар гарадскога Палаца культуры.
Кандыдат-спойлер: Андрэй Струнеўскі
Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі “Беларуськалія”. Ён, хутчэй за ўсё, і стане дэпутатам.
Салігорская сельская выбарчая акруга № 69
Ігар Сечка
У Салігорскім раёне мы вагаліся паміж дырэктарам школы і намеснікам дырэктара фірмы “ДрэваБай” з ЛДПБ. Спыніліся на апошнім, таму што нам падаецца, што ён будзе менш бязвольным націскальнікам на кнопку ў адрозненне ад сталай педработніцы.
Кандыдат-спойлер: Юлія Мурына
Але ў гэтай акрузе ёсць ужо дасведчаны націскальнік, і таму ўладзе няма патрэбы мяняць таго, хто ўжо добра сябе праявіў. З яе пункту гледжання. А гэта цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юлія Мурына.
Стаўбцоўская выбарчая акруга № 70
Мікалай Лысёнкаў
У Стаўбцах ёсць неблагі кандыдат ад апазіцыі — індывідуальны прадпрымальнік з БСДП (Грамада) 1979 года нараджэння. Яго і выбіраем.
Кандыдат-спойлер: Іван Мамайка
Але перамога будзе, магчыма, за начальнікам аддзела ўнутраных спраў Стаўбцоўскага райвыканкама.
Іх сапернікі: прадпрымальнік з ЛДПБ і дырэктар Стаўбцоўскай ПМК.
Дзяржынская выбарчая акруга № 71
Андрэй Дзмітрыеў
Тут наш выбар відавочны — гэта сустаршыня ГА “Гавары праўду”.
Кандыдат-спойлер: Аляксандр Саракач
А найбольш імаверны пераможца выбараў — старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў.
Адзіны, хто мог бы стварыць яму канкурэнцыю, — першы сакратар раённага БРСМ. Таксама тут балатуецца дырэктар будаўнічай фірмы з ЛДПБ.
Маладзечанская гарадская выбарчая акруга № 72
Валянцін Цішко
У Маладзечне шанцаў ні ў кога няма, але, на наш погляд, было б няблага, каб у парламент прайшоў сябра АГП 1989 года нараджэння. І хаця адміністратар гандлёвай залы крамы “Мінск Крышталь” не выглядае сур’ёзным кандыдатам, усё ж ён прадстаўляе апазіцыю і ўзрост у яго далёкі ад пенсійнага.
Кандыдат-спойлер: Людміла Канановіч
На другі тэрмін адсюль пойдзе дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў 1966 года нараджэння.
Трэці кандыдат у акрузе — дырэктар завода “Рамбыттэхніка”.
Маладзечанская сельская акруга № 73
Людміла Каханоўская
Ад Маладзечанскага раёна Еўрарадыё адправіла б у парламент абараняць правы бюджэтнікаў старшыню раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Кандыдат-спойлер: Алег Семянчук
Больш выгадным для ўлады, аднак, выглядае дасведчаны чыноўнік 1958 года нараджэння — старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнскага абласнога выканаўчага камітэта. Пасядзіць у парламенце некалькі гадоў і атрымае дэпутацкую пенсію. Бінга!
Іншыя кандыдаты: пенсіянер з апазіцыйных камуністаў і дырэктар аж трох прыватных фірмаў з ЛДПБ.
Вілейская выбарчая акруга № 74
Мікалай Юшчук
Адзіны апазіцыйны кандыдат у дэпутаты на Вілейшчыне — вядучы інжынер па ахове працы фірмы “ОП НДІ ПКД”, якая займаецца вытворчасцю дзвярэй, акон і іншых вырабаў са шкла. Яму 45 гадоў, ён сябра БСДП (Грамада).
Кандыдат-спойлер: Ірына Супрановіч
На два гады за яго старэйшая фаварытка перадвыбарнай гонкі — старшыня Крывасельскага сельскага выканаўчага камітэта з праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі.
Змагаюцца з імі загадчык філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення, пенсіянер-камуніст і чыноўнік Крупскага райвыканкама.
Лагойская акруга № 75
Ілля Дабратвор і Алена Пятрэнка
У Лагойску ёсць, на першы погляд, добры апазіцыйны кандыдат. Ілля Дабратвор індывідуальны прадпрымальнік, шматдзетны бацька. Аднак ёсць некаторыя рэчы, якія ад яго адштурхоўваюць: напрыклад, ён публікуецца на прарасійскіх сайтах кшалту “Палітрынга”, выступае за ўвядзенне падатку на бяздзетных і інш. Таму мы вырашылі падтрымаць тут адразу абодвух апазіцыйных кандыдатаў, гэта значыць яшчэ і індывідуальную прадпрымальніцу з АГП Алену Пятрэнка.
Кандыдат-спойлер: Пётр Вабішчэвіч
Як бы там ні было, выйграе выбары, хутчэй за ўсё, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў і сябра Камуністычнай партыі Беларусі Пётр Вабішчэвіч.
Іншыя кандыдаты: камуністка, якая не працуе, дырэктар камунальнага прадпрыемства і дырэктар фірмы з ЛДПБ.
Сеніцкая выбарчая акруга № 76
Аляксандр Малашка
Яшчэ аднаго апазіцыянера мы вылучылі б з Сеніцкай акругі. Гэта дырэктар СТА 1968 года нараджэння з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Кандыдат-спойлер: Мікалай Улаховіч
Але ж і тут ёсць цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які ідзе на другі тэрмін.
Сапернікі: дырэктар каледжа, дырэктар цэнтра дзіцячага развіцця і дырэктар зарэгістраванай у Расіі фірмы з ЛДПБ.
Заслаўская выбарчая акруга № 77
Вольга Краўцова
З Заслаўя Еўрарадыё прапануе ў парламент прадстаўніцу Беларускай партыі "Зялёныя" 1991 года нараджэння. Акрамя таго што яна эколаг, Вольга Краўцова яшчэ юрыст — працуе вядучым юрысконсультам кампаніі “АЛАДЭН”.
Кандыдат-спойлер: Валянціна Курсевіч
Асноўная саперніца ў яе вельмі моцная, прайсці яе наўрад ці атрымаецца. Гэта дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, якая ідзе на другі тэрмін і яго напэўна атрымае.
Іншыя кандыдаты: яшчэ адна юрыстка з АГП, прадпрымальнік з БСДП (Грамада), намеснік кіраўніка філіяла “Мінаблдарбуда” і пенсіянер з ЛДПБ.