Выказваем заклапочанасць: як застацца журналістам у Афганістане і выжыць

Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Журналістаў у Афганістане становіцца ўсё менш, але навін адтуль менш пакуль не стала.

З гэтага агляду вы таксама даведаецеся, што нават карову можна прывучыць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.

 

Прэса — гэта святое

Пасля прыходу да ўлады талібаў з Афганістана сышло больш за 150 СМІ, піша РІА Новости са спасылкай на мясцовае тэлебачанне.

"Рэпарцёры без межаў" пішуць, што ў Кабуле ўсталяваныя блок-пасты, дзе журналістаў спыняюць і даглядаюць. Фатографу Los Angeles Times не далі расказаць пра акцыю пратэсту жанчын, спасылаючыся на тое, што іслам забараняе іх фатаграфаваць.

Іншы фатограф, які працуе ў горадзе Герат і паведаміў пра дэманстрацыю, усё яшчэ застаецца затрыманым: талібы падазраюць яго ў арганізацыі акцыі пратэсту. А наяўнасць прафесійнай камеры яшчэ і даказвае, што ён замежны шпіён.

"Рэпарцёры без межаў" працягваюць атрымліваць ад супрацоўнікаў афганскіх СМІ просьбы пра дапамогу — кожны дзень. Многія з іх не змаглі трапіць на эвакуацыйныя рэйсы з Кабула і асцерагаюцца за сваё жыццё пры "Талібане".

І чым менш пільнай будзе станавіцца ўвага да Афганістана з боку свету, тым мацнейшымі і больш абгрунтаванымі будуць станавіцца гэтыя асцярогі.

 

Вельмі горача

Калі б у 80-х чалавеку сказалі, што дзесьці на планеце слупок тэрмометра пераваліў за 50 градусаў, ён быў бы здзіўлены. Сёння нас так проста не ўразіш. Колькасць дзён з тэмпературай вышэй за 50 градусаў з тых часоў вырасла ўдвая, падлічыла ВВС!

Цяпер тэмпература дасягае гэтай адзнакі галоўным чынам у краінах Блізкага Усходу і ў рэгіёне Персідскага заліва. Але ўжо і Італія ўразіла нас тэмпературным рэкордам 48,8 градуса, а Канада адсправаздачылася пра 49,6 градуса.

Навукоўцы папярэджваюць: калі не перастаць спальваць паліва, гэта не апошнія краіны, якія могуць нас здзівіць.

Карову прывучылі да латка

І яшчэ трохі пра змены клімату. З усёй дзейнасці чалавека адным з самых шкодных лічыцца гадоўля буйной рагатай жывёлы. Прычына ў таксічнасці каровінай мачы. І навукоўцы з Германіі вырашылі: трэба прывучыць карову да латка.

Аказалася, што цяляты вельмі нават нядрэнна навучаюцца. Іх стымулявалі праз сістэму пакаранняў і ўзнагароджанняў. Калі цяля падыходзіла да "латка", атрымлівала што-небудзь смачнае. Калі адыходзіла ад яго занадта далёка, яго некалькі секундаў апырсквалі вадой.

Выснова навукоўцаў: нават карову можна навучыць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.
 

У фэйсбука ёсць улюбёнцы

Выданне Wall Street Journal высветліла, што ў фэйсбука ёсць "белы спіс" карыстальнікаў. Іх публікацыі сістэма распазнавання забароненага кантэнту правярае з меншай заўзятасцю, чым іншыя.

Кампанія ўжо сказала, што працуе над тым, каб пазбавіцца ад гэтага спіса, дый ствараўся ён не мэтанакіравана.

Спачатку правілы ў платформы былі простыя: можна публікаваць усё, акрамя "агалёнкі" і адкрытых дамаганняў. А потым людзей у сацсетцы стала так шмат, што давялося звярнуцца да дапамогі штучнага інтэлекту. Так пачаліся казусы. Напрыклад, спявачка Рыяна размясціла свой здымак з вокладкі французскага часопіса. На фота спявачка была часткова аголенай.

Алгарытмы заблакавалі фота, інцыдэнт трапіў у загалоўкі навін, кампаніі давялося публічна прасіць прабачэння. Каб такіх выпадкаў было менш, фэйсбук спрабаваў прыдумаць розныя механізмы. І ў выніку аформіўся своеасаблівы "белы спіс", у які трапіла каля 5,8 млн чалавек.

Гэта не значыць, што яны цалкам вольныя ад правілаў сацсеткі. Для некаторых карыстальнікаў прывілеі зводзяцца да магчымасці публікаваць спрэчныя матэрыялы і чакаць, пакуль іх праверыць жывы чалавек, а не штучны інтэлект. Тут вось і можна паляцець у "бан".

Пакуль вы не пачалі адчайна асуджаць фэйсбук, раскажам вам: ахвярай яго алгарытмаў станавіўся і сам Марк Цукерберг. Алгарытмы заблакавалі адно з яго выступленняў, таму што палічылі, што яно змяшчае дэзынфармацыю.

Увогуле, любіце фэйсбук такім, які ён ёсць. Інакш што нам застаецца? Тык-ток?
 

А вы праўда бос мафіі?

Уявіце: вы абедаеце з сынам у рэстаране ў Гаазе — прыехалі туды з Ліверпуля пахварэць за пілотаў "Формулы-1". Тут у рэстаран увальваецца паліцыя, завязвае вам вочы і вядзе ў невядомым кірунку.

Англічаніна, аматара гонак, прынялі за боса італьянскай мафіі, якога беспаспяхова шукаюць вось ужо трыццаць гадоў.

"Уявіце: вы перакусваеце, а ў наступную хвіліну ўжо седзіце ў галандскай турме строгага рэжыму!" — пераказваў пазней адвакат англічаніна.

Ну што, гісторыя з затрыманнем беларуса ў Польшчы на запыт Інтэрпола ўжо не здаецца такой захапляльнай? Для таго мы і расказваем вам пра навіны з усяго свету. Каб нават у самыя неймаверныя часы вы памяталі: усё магло быць яшчэ больш неймаверным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі