Выказваем заклапочанасць: на ракеты грошы знойдуцца і цудоўнае выратаванне ката

Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Талібы паднялі сцяг над прэзідэнцкім палацам і неўзабаве расказалі жанчынам, што зменіцца ва ўніверсітэтах. І гаворка не толькі пра тое, што хлопчыкаў цяпер будуць вучыць асобна.

Што важнага здарылася ў свеце за апошнія суткі, чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.

 

Новыя правілы афганскіх універсітэтаў

Месяц таму талібы захапілі Кабул. У суботу яны паднялі свой сцяг над прэзідэнцкім палацам — сімвал пачатку кіравання. У нядзелю яны расказалі, якой цяпер будзе адукацыя для жанчын.

Вучыцца ім дазволяць, але асобна ад мужчын. Дрэс-код — хіджаб. Новы міністр адукацыі, прызначаны талібамі, таксама расказаў пра планы перагледзець прадметы, якія будуць выкладаць ва ўніверсітэце. Плануецца "стварыць разумную ісламскую вучэбную праграму", якая б адпавядала гістарычным каштоўнасцям Афганістана і была пры гэтым канкурэнтаздольнай на сусветнай арэне.

Гэта аб'ява была зроблена пасля дэманстрацыі жанчын, якія падтрымліваюць гендарную палітыку "Талібана". Большасць з іх былі апрануты ў нікабы. Напярэдадні прайшлі і іншыя мітынгі: на іх прыходзілі жанчыны, не згодныя з уладай і парадкамі талібаў.

 

Вугаль супраць клімату

Нам здалося, што навіны з Аўстраліі ў апошні год былі звязаны з дзвюма ўспышкамі: каранавіруса і лясных пажараў. Якім жа было наша здзіўленне, калі мы зноў убачылі Аўстралію ў загалоўках сусветных СМІ ў статусе лютага ворага змагароў са зменай клімату.

Сур'ёзна: Аўстралія пакутуе ад змены клімату. Але Аўстраліі не падабаецца, калі ААН кажа: трэба адмовіцца ад вугалю да 2030 года, інакш сітуацыя будзе станавіцца толькі горшай. А раней мы думалі, што Кітай і Дональд Трамп — галоўныя кліматычныя злыдні планеты.

Аўстралія — другі ў свеце экспарцёр вугалю, дзякуючы гэтаму выкапню тут існуюць тысячы рабочых месцаў. Летась 60% усёй электраэнергіі ў краіне было выраблена дзякуючы вугалю. У Вялікабрытаніі, напрыклад, гэта толькі 1,6%. І гэта пры тым, што ў Аўстраліі найшырэйшыя магчымасці для выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Пры гэтым самі аўстралійцы падтрымліваюць больш актыўныя дзеянні ў гэтай сферы. Прынамсі, апытанні гавораць пра тое, што большасць з іх не хацелі б быць ізгоямі на сусветнай арэне.

У лістападзе ў Глазга пройдзе саміт ААН па зменах клімату. Вось і даведаемся, якую пазіцыю зойме Аўстралія.

Эканоміць на ежы, а не на ракетах

Нават калі ў краіны няма грошай на ежу, гэта не значыць, што яна перастане распрацоўваць новыя віды ўзбраення. Такую выснову можна зрабіць з апублікаваных нядаўна здымкаў новай крылатай ракеты, якую тэставала Паўночная Карэя.

КНДР санкцыямі ААН забаронена праводзіць выпрабаванні балістычных ракет, але не забаронена — крылатых. Ракета, пра якую ідзе гаворка, здольная дасягнуць большай часткі тэрыторыі Японіі. Пакуль незразумела, ці зможа КНДР зрабіць мініяцюрную ядзерную боегалоўку, каб усталяваць яе на крылатую ракету, аналітыкі спрачаюцца.

"Праблема ў тым, што Паўночная Карэя чарговы раз даказвае, што можа распрацоўваць новую і небяспечную зброю нягледзячы на строгія міжнародныя санкцыі", — кажа аналітык ВВС.

Адным словам, калі ў цябе ў краіне крызіс, а вакол краіны — санкцыі, эканоміць можна шмат на чым. Толькі не на парадах — адзін прайшоў у КНДР на мінулым тыдні — і не на ракетах.

 

Прыйсці на футбол і выратаваць ката

Заўзятары ўніверсітэта Маямі і Апалацкага ўніверсітэта нездарма сабраліся на гульню ў гэтыя выходныя. Пакуль каманды на полі гулялі, на трыбунах неспадзявана выратавалі ката.

Заўзятары Маямі ўбачылі, як над імі, чапляючыся кіпцюрамі за нейкую тканіну, павіс кот. Двое пачалі адвязваць сцяг сваёй каманды ад парэнчаў. Яны своечасова паспелі расцягнуць яго як выратавальны брызент. Кот упаў на сцяг і застаўся цэлы, а відэа гэтага падання абляцела сацсеткі.

Каманда Маямі ў той дзень выйграла, але лепш паглядзіце на цудоўнае выратаванне ката.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі