Цыбуля, лімон і базілік: якую зеляніну можна вырасціць у кватэры?

Как растить зелень в квартире

У кватэры могуць расці нават памідоркі! / MagicBricks

У цёмны час года, а менавіта позняй восенню і зімой, нам не хапае зеляніны не толькі навокал, але і ў ежы. Для ўзняцця настрою і для з’яўлення хоць якіх натуральных вітамінаў і мінералаў у рацыёне беларуска Марыя прапаноўвае стварыць агарод дома на падаконні. І дзеліцца сваім досведам: якая зеляніна лепш і хутчэй расце ва ўмовах кватэры.

Цыбуля

Бяспройгрышны варыянт для пачаткоўцаў!

— Я пачынала з цыбулі, бо прасцей ужо няма куды. Абрэзаць верхавіну і паставіць у ваду на падаконні. Працуе і летам, і зімой. Хутка, проста і надае ўпэўненасці ў тым, што ты можаш нешта вырасціць. Можна ўзяць часнок і зрабіць тое  самае, — кажа Марыя.

Базілік

У свежым і сушаным выглядзе — выдатная прыправа для салатаў, піцы і пасты. Яго можна вырасціць з насення — кінуць зярняткі ў грунт і паставіць на сонечны бок. Каб хутчэй прараслі, можна накрыць гаршчок плёнкай. Галоўнае, на забываць паліваць і набрацца крыху цярпення. А можна купіць у краме свежы базілік у гаршчэчку і паспрабаваць яго акуратна перасадзіць у грунт дома.

Ліставы салат

Пасуе любы. Салаты хутка вырастаюць з насення і не патрабуюць асабліва складанага догляду. Усё, што ім патрэбна, — вада і святло. Мінус у тым, што ўсё, што вырасла, можна састрыгчы за адзін раз, таму мае сэнс пасадзіць дзве партыі з розніцай у тыдзень. Пакуль адзін будзе абнаўляцца, другі можна зрэзаць.

Цыбуля, лімон і базілік: якую зеляніну можна вырасціць у кватэры?
Салат адразу з градкі зімой — вось дзе раскоша! / Еўрарадыё

Памідоры

Позняй восенню іх садзіць ужо запозна, але можна паспрабаваць забяспечыць іх дадатковым асвятленнем. Існуюць нават асобныя гатункі пакаёвых памідорак. Яны і выглядаюць прыгожа, і ўраджай можна збіраць ледзь не цэлы год.

Суніцы

Тут таксама трэба набрацца цярплівасці. Кусты вырастуць, але каб яны далі кветкі, а потым і ягады, трэба пачакаць. Што важна: лепей выбраць рэмантантны гатунак, гэта значыць, які дае плады пастаянна, і забяспечыць кустам дастаткова вільгаці і святла.

Батат

Не самы відавочны варыянт, але чаму не! Салодкая бульба наўрад ці дасць плады дома, але дзіўная расліна можа ўпрыгожыць вашае жытло.

Батат трэба паставіць у ваду: ён або пусціць карэнне і пачне плесціся, або пойдзе цвіллю і згніе. Ад чаго гэта залежыць, я так і не зразумела, бо ў аднолькавых умовах атрымлівала розныя вынікі. Але ўрэшце ў мяне вымахаў батат, які рос са снежня да лютага на не самым асветленым падаконні, — дзеліцца досведам Марыя.

Перац чылі

Цыбуля, лімон і базілік: якую зеляніну можна вырасціць у кватэры?
Перчык чылі расце круглы год / Еўрарадыё

Авакада

Калі вам у краме або на рынку трапіўся авакада з масіўнай косткай, не выкідайце яе. Пастаўце костку тупым канцом у ваду — і чакайце, пакуль яна трэсне і дасць карэньчык. Чакаць можна доўга, што праўда. Але затое потым расліна як папрэ ў рост! Высаджваць у грунт трэба, калі белы карэньчык ужо пакажацца на 3-7 см.

Лімон

Хто ў дзяцінстве не тыркаў косткі з лімонаў і апельсінаў у матуліны вазоны, можа гэтым заняцца цяпер. Толькі ўжо па-даросламу: высаджвайце костачкі ў асобны гаршчок і чакайце, калі яны прарастуць. 

Цыбуля, лімон і базілік: якую зеляніну можна вырасціць у кватэры?
Хатні агарод — гэта цікава, паспрабуйце! / Еўрарадыё

Кветкі

Настурцыі і фіялкі не толькі дадаюць колераў іх нават ужываюць у ежу.

— Калі хочаце, каб нешта плялося і цвіло, асабліва на балконе, настурцыі — выдатны варыянт. Хутка, прыгожа, але трэба загадзя прыкінуць, куды яны будуць плесціся, раіць Марыя, што ўжо выгадавала дома цэлы агарод.

Фіялкі з насення растуць марудна, таму лепей выбіраць гатунак, які цвіце ў першы ж год, бо іначай пабачыце кветкі толькі ў наступным сезоне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі