За "экстрэмізм" у Беларусі затрымлівалі грамадзяніна Ізраіля

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Грамадзяніна Ізраіля, які прыехаў у Беларусь з жонкай і дзецьмі, затрымалі і асудзілі на адміністрацыйны арышт. За кратамі ён прайшоў праз цяжкія фізічныя і псіхалагічныя катаванні. Цяпер мужчына вызвалены і вярнуўся ў Ізраіль, піша "Наша Ніва" са спасылкай на ізраільскія СМІ.

Імя пацярпелага па просьбе ягонай сям'і не называецца. Мужчыну затрымалі на пачатку лютага. У яго тэлефоне знайшлі падпіску на так званы "экстрэмісцкі кантэнт" — гэта была суполка ў Фэйсбуку, дзе абмяркоўвалі жыццё ў Ізраілі і Беларусі.

Сваякі мяркуюць, што насамрэч мужчыну арыштавалі за ўдзел яго сына ў дэманстрацыі ў Ізраілі ў падтрымку беларускай апазіцыі.

Пасля арышту сувязь з мужчынам перапынілася, яго адправілі на 15 сутак у ізалятар. Паведамляецца, што там яго марылі голадам і ўжывалі іншыя метады катавання.

Беларускія ўлады канфіскавалі дакументы ізраільцяніна. Вярнуцца дадому ён змог толькі па часовым пашпарце, атрыманым у ізраільскай амбасадзе.

Сын мужчыны расказаў, што звяртаўся па дапамогу ў МЗС і амбасаду Ізраіля, але атрымаў не вельмі канкрэтныя адказы. Ён кажа, што цяпер бацька знаходзіцца ў цяжкім стане: аслаблены і пасівеў пасля моцнага стрэсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.