Беларускі хаб у цэнтры Варшавы можа знікнуць

Беларускі хаб у Варшаве

Беларускі хаб у Варшаве

Паводле крыніц Еўрарадыё, прастора “Робім Разам” у Варшаве, якой кіруе грамадскі актывіст Сяргей Бульба, павінная вызваліць памяшканне да канца лістапада 2024 года. Прычына — шалёныя пазыкі па камуналцы. 

Апошнім часам “Робім Разам” адкрывалі дабрачынныя зборы, каб працягнуць працу пляцоўкі. Але яны былі не надта паспяховымі. А паводле крыніцы Еўрарадыё, і ўвогуле не маглі дапамагчы, бо дамова на арэнду ўжо не працягнутая. 

Калі “Робім Разам” не з’едзе добраахвотна, ёсць верагоднасць, што ўлады Варшавы прымусова забяруць у беларусаў памяшканне ў самым цэнтры горада, на плошчы Канстытуцыі, 6. І знойдуць для яго новага арантадара.

— Усё ў падвешаным стане. Але Новы год мы тут сустракаем, хай яны [нядобразычліўцы.  Еўрарадыё] нават не хвалююцца. На Новы год прыходзьце да нас, як і летась, будзем рабіць святкаванне, — адказвае Сяргей Бульба.

— То-бок, пакуль інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці?

— Я ўрачыста магу даслаць вам запрашэнне на Новы год.

Таксама ён расказаў, што “па падставе добразычліўцаў [верагодна, маючы на ўвазе Алеся Лапко, які раней кіраваў хабам. — Еўрарадыё]” у іх бок пісалі скаргі.

— Спачатку яны пісалі чатыры скаргі ў ZGN [Zakłady Gospodarowania Nieruchomościami — Аддзел кіравання нерухомасцю. — Еўрарадыё]. То-бок ад розных персанажаў спачатку яны пісалі, што ў нас тут цір. 

Наступная скарга была, што ў нас тут sztuki walki [баявыя мастацтвы. — Еўрарадыё]. 

Таксама былі скаргі, што ў нас булачкі нясвежыя, хоць у нас і няма ніякіх булачак. 

Крайнія скаргі былі, што яны дадумаліся да таго, што яны дамовіліся з дэпутатамі Сейма. Яны прыйшлі, напісалі заяву на нас, што мы навучаем дзяцей з баявой зброяй. 

Потым прыйшла праверка, паліцыя, недзе з месяц таму. Ну, прыйшлі, паглядзелі, што ўсе нармальныя людзі, што папярэдняя камісія, што паліцыя — усё нармальна. 

Але ж тым не менш, гэтыя самыя “добразычліўцы” сярод працаўнікоў муніцыпалітэту, сярод гораду распускаюць плёткі. Таму мы мелі некалькі сустрэч на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва гораду. 

І цяпер пытанне разглядаецца далей. То-бок, яно не вырашанае і яно ў падвешаным стане.

Еўрарадыё звярнулася і да Алеся Лапко, які сказаў, што ніякіх скаргаў не пісаў. 

— Я магу пракаментаваць, што гэта хлусня. Асабіста я ніякіх скаргаў не пісаў на Сяргея Бульбу, акрамя таго, што цяпер рыхтую дакументы на падачу ў суд пра паклёп і ахову добрага імя. 

Гэтая інфармацыя цалкам хлусня, якая ўплывае на мяне маральна, і ў тым ліку прафесійна.

Ад сябе дадамо, што сітуацыя, калі беларускія мігранты могуць паўплываць на дэпутатаў польскага Сейма, падаецца малаверагоднай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі