З'явіліся першыя фота сабора Нотр-Дам пасля працяглай рэстаўрацыі
Макрон назваў аднаўленне сабора Парыжскай Божай Маці "праектам стагоддзя"
Знакаміты сабор Нотр-Дам у Парыжы гатовы да адкрыцця пасля працяглай рэстаўрацыі і аднаўлення. 5,5 года таму ў ім быў жахлівы пажар. Урачыстае адкрыццё адбудзецца на наступным тыдні — 7 снежня. А ў пятніцу ў саборы пабываў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон разам з жонкай Брыжыт і архіепіскапам Парыжскім Ларанам Ульрыхам. Дзякуючы гэтаму з'явіліся першыя фота і відэа, паведамляе Reuters.
На рэканструкцыю сабора, які пачаў будавацца яшчэ ў XII стагоддзі, сабралі больш за 840 мільёнаў еўра. Рэстаўратары (а іх працавалі сотні) вярнулі яму былы выгляд. Дрэва для дахавых работ (пераважна дуб) збіралі з усёй Францыі. І яшчэ застаюцца сродкі для далейшых работ.
Макрон назваў аднаўленне сабора Парыжскай Божай Маці "праектам стагоддзя".
15 красавіка 2019 года на будаўнічых рыштаваннях над саборам адбыўся пажар. Агонь хутка распаўсюджваўся. Неўзабаве абрынуўся 93-метровы шпіль (у момант падзення ён прабіў каменны звод у некалькіх месцах). У агні пажару загінулі гадзіннік і вялікая частка даху. Рэліквіі, якія былі ў Норт-Дам, удалося выратаваць, але сам храм моцна пацярпеў. У той дзень Макрон паабяцаў, што гістарычны будынак будзе цалкам адноўлены, і адбудзецца гэта падчас яго прэзідэнцтва. Так і сталася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.