Выкладчыку ваенфака БДУ прысудзілі 19 гадоў, абвінаваціўшы ў "здрадзе дзяржаве"
Дзмітрый Пазнякоў
19 гадоў калоніі прысудзілі выкладчыку ваеннага факультэт БДУ Дзмітрыю Пазнякову, абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве. Адпаведны прысуд вынес 23 лістапада 2023 года Брэсцкі абласны суд. Пра гэта гаворыцца ў прапагандысцкім фільме "Спецслужбы Польшчы вярбуюць беларусаў", які выйшаў на тэлеканале "Беларусь 1".
У ім расказваецца, што Пазнякоў быў камандзірам узвода СПА ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце, а пазней займаў іншыя пасады ў арміі. Ён рэгулярна ездзіў у Польшчу, дзе яго нібыта і завербавалі — проста на памежным пераходзе. Польскім спецслужбам ён перадаваў інфармацыю пра сваю працу, супрацоўнікаў Брэсцкай вайсковай камендатуры ды інш.
Сцвярджаецца, што за працу на польскія спецслужбы Пазнякоў атрымаў агулам 60 тысяч долараў.
Разам з ім на 14 гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу — яго абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.