Выконваць абавязкі гендырэктара ХК “Дынама” будзе былы кадравік МУС
Яго прызначылі замест Уладзіміра Беражкова, які затрыманы па падазрэнні ў раскраданні сродкаў клуба.
Выканаўцам абавязкаў генеральнага дырэктара хакейнага клуба “Дынама” (Мінск) прызначаны Анатоль Курылец. Раней ён быў намеснікам генеральнага дырэктара клуба па бяспецы. З 9 студзеня 2009 года па 20 траўня 2013 года ён працаваў намеснікам міністра ўнутраных справаў — начальнікам галоўнага ўпраўлення кадраў (статс-сакратаром). Да гэтага быў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення кадраў МУС, паведамляе БелаПАН.
14 жніўня Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне генеральнага менэджэра — выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара “Дынама” Уладзіміра Беражкова. Былы галоўны рэдактар спартовай газеты “Прессбол” падазраецца ў раскраданні сама меней 45 мільёнаў рублёў. Яго папярэднік на пасадзе гендырэктара Максім Суботкін быў таксама затрыманы ў ліпені гэтага года па падазрэнні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
Сёння ж прэс-служба клуба паведаміла, што кантракт з Беражковым быў скасаваны 13 жніўня па згодзе бакоў, то бок, гэта адбылося за дзень да яго арышту.
Фота: tomin.by