“Вылецелі вокны, ляпніна”: уначы Расія атакавала Адэсу, загарэўся храм

Спаса-Праабражэнскі сабор у Адэсе / Суспільне
Спаса-Праабражэнскі сабор у Адэсе / Суспільне

Начны ракетны ўдар Расіі па Адэсе панёс жыццё аднаго мірнага жыхара. Чатырнаццаць чалавек шпіталізавалі, сярод іх чацвёра дзяцей, піша BBC са спасылкай на губернатара вобласці Алега Кіпера.

Вайсковая адміністрацыя Адэсы паведаміла, што ў выніку абстрэлу сур'ёзна пацярпеў таксама Спаса-Праабражэнскі сабор — найбуйны праваслаўны храм горада. Гэты храм быў асвячоны яшчэ ў 1809 годзе. У 1939 годзе сабор быў разбураны, алеадноўлены 20 гадоў таму.

“Разбурэнні каласальныя, трапіла ў правую частку і прабіла да мінус першага паверха. Палова сабора засталася без даху. Разбураны цэнтральныя палі, падмурак. Вылецелі ўсе вокны, ляпніна. Быў пажар, загарэлася частка, дзе ў цэрквы прадаюцца абразы і свечкі. Усё гарэла, гарэла”, — цытуе “Суспільне” клірыка Адэскай епархіі УПЦ архідыякана Андрэя Пальчука.

Расія раніцай выпусціла заяву, у якой сцвярджала, што ўсе "прызначаныя для паразы і знішчаныя ўначы 23 ліпеня аб'екты" знаходзіліся на "бяспечнай дыстанцыі ад храмавага комплексу".

ЮНЭСКА неаднаразова заклікала Расію спыніць напады на Адэсу. Сёлета гістарычны цэнтр горада быў уключаны арганізацыяй у спіс Сусветнай спадчыны, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Крэмль пачаў абстрэльваць Адэсу пасля таго, як у панядзелак Расія выйшла з зерневай угоды. Украіна звінаваціла яе ў нанясенні ўдараў па інфраструктуры, жыццёва важнай для гэтай дамовы. У выніку абстрэлаў напачатку тыдня было знішчана каля 60 тыс. тон збожжа.

Угоду склалі год таму, у ліпені 2022 года, пры пасярэдніцтве Турцыі. Яна дазваляла грузавым суднам плаваць у водным калідоры Чорнага мора.

Рэпартаж украінскага тэлеканала "Суспильне" з Адэсы

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі