Вынікі конкурсу "Абедаю, як дэпутат": абед пераможцы — 1 рубель 24 капейкі!
Абед, які карэспандэнт Еўрарадыё набыў у сталоўцы Дома ўрада, пацягнуў на 6 рублёў 28 капеек. Нічога асаблівага: суп, бульба, запечаная курыца ды сок.
Мы падумалі, што гэта неяк задорага, і абвясцілі сярод слухачоў антыкрызісны конкурс на самы танны абед. Цяпер наша рэдакцыя ведае ўсе самыя танныя сталоўкі Беларусі! З голаду не памрэм, нават калі заробак не будуць плаціць.
Узяць удзел у конкурсе хацеў нават дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня. Дэпутат сказаў, што ў "дэпутацкую" сталоўку не ходзіць — абедае нашмат танней ва ўніверсітэце непадалёк ад Дома ўрада. Фота таннага абеду ад дэпутата мы пакуль чакаем. Як і абяцалі, у пятніцу ўвечары падводзім вынікі конкурсу.
Але гэта не так проста. Мы прасілі сфатаграфаваць першае, другое і кампот. А нехта даслаў свой абед з салатам і дэсертам. Выйшла даражэй, чым па ўмовах конкурсу. У некага наадварот атрымалася паесці вельмі танна — але зусім па-студэнцку, без другога. Мы ўжо збіраліся прыводзіць усе чэкі да агульнага назоўніка, пакідаючы "у конкурсе" толькі суп, гарачую страву з гарнірам і напой. Але ў апошні момант дачакаліся здымка-пераможцы, які зняў усе пытанні.