Выплаты беспрацоўным хочуць павысіць у сем разоў

Выплаты беспрацоўным хочуць павысіць у сем разоў

Беспрацоўны Чыжыкаў, які стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці як непрацуючы, мае 24 рублі 3 капейкі ў месяц. За гэта ён можа дазволіць сабе 27 бутэлек малака ці 2,5 кілаграмы свініны.

Магчыма, што ў студзені Чыжыкаву пашанцуе і ён будзе мець у сем разоў болей! Зможа набыць 14 кілаграмаў свіной паляндвіцы.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацавала законапраект, які павышае выплаты беспрацоўным. Іх падзеляць на дзве катэгорыі, тлумачыць ў інтерв’ю Белта начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун:

“Першая — гэта тыя, хто звольнены ў сувязі са скарачэннем колькасці штата работнікаў або ліквідацыяй прадпрыемства. Прапануем плаціць такім беспрацоўным дапамогу па беспрацоўі ў памеры 100% бюджэту пражытковага мінімуму. Другая катэгорыя ― гэта тыя, хто звольнены па паважлівых прычынах, напрыклад, у сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта. Такім — 50% бюджэту пражытковага мінімуму".

Для першай катэгорыі дапамога ― 175 рублёў, для другой ― 87 рублёў, калі браць сярэдні пражытковы мінімум.

Але ў цэнтрах занятасці чэргаў з беспрацоўных па дапамогу не чакаюць, тлумачаць, што стаць беспрацоўным будзе складаней:

“Сталі больш жорсткімі патрабаванні да беспрацоўных. Дапамога можа і павялічыцца, але ці атрымае яе чалавек, ці выканае ўсе ўмовы”, ― апісваюць у адным з рэгіянальных цэнтраў занятасці.

Сёння, каб атрымаць дапамогу нават у 24 рублі, наш Чыжыкаў мусіць ездзіць па ўсіх прапанаваных вакансіях, не адмаўляцца ад навучання, няхай і па іншай прафесіі, пагаджацца на дадатковыя працы, калі папросяць. Ды і дапамогу будуць плаціць толькі шэсць месяцаў.

Не чакаюць пакуль наплыву і ва ўпраўленні па працы і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама.

“У нас цяпер наадварот зніжаецца колькасць беспрацоўных”, ― каротка адказваюць тут.

Адкуль возьмуць грошы на павышанаю дапамогу, пакуль не вядома. Адзін з варыянтаў ― страхоўка. Гэта калі прадпрыемствы адлічаюць выплаты ў фонд на беспрацоўных (дадатковае фінансаванне).

Раней пра версію з “дадатковым фінансаваннем” Еўрарадыё казалі ў Інстытуце працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі