Міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі прыедуць "у вандроўку" ў Мінск?
Разам з Радаславам Сікорскім і Карлам Більтам збіраюцца і нейкія "высокапастаўленыя асобы".
Адбудзецца гэта напярэдадні саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Пра гэта Сікорскі і Більт напісалі ў агульным артыкуле "На шляху да адзінай Еўропы".
У ім адзначаецца, што перад самітам міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі разам з нейкімі "высокапастаўленымі асобамі са Швецыі і Польшчы" паедуць "у вандроўку ва ўсе сталіцы Усходняга Партнёрства: Кішынёў, Кіеў, Тбілісі, Баку, Ерэван і Мінск". Між іншым, яны плануюць распавядаць пра значны прагрэс у праграме еўрапейскіх рэформаў, пра захады "па поўнай рэалізацыі праграмы Усходняе Партнёрства.
"Застаючыся вернымі сваім прынцыпам, мы патрабуем ад Беларусі вызвалення палітвязняў і заклікаем партнёраў пазбягаць практыкі "выбарачнага правасуддзя", — гаворыцца ў артыкуле Сікорскага і Більта.
Міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі спадзяюцца, што "Віленскі саміт стане самітам дасягненняў" і "адпраўным пунктам глыбейшай інтэграцыі паміж ЕС і краінамі Усходняй Еўропы, што пойдзе на карысць усім бакам". Яны падкрэсліваюць, што "дзверы ЕС адкрытыя для любой еўрапейскай краіны, якая жадае далучэння і адпавядае ўсім крытэрыям".
Радаслаў Сікорскі і Карл Більт адзначаюць, што падчас запланаванай вандроўкі яны не будуць раздаваць абстрактныя абяцанні, а будуць "практычна заахвочваць да дзеянняў".
Аднак, у польскай амбасадзе "Нашай ніве" паведамілі, што міністры Сікорскі і Більт Мінск не наведаюць.