Высветлілі, хто і каму плаціў 9 мая ў Лідзе: "Гэта на свята. Нармальная з'ява”
Раздача грошай на святкаванні 9 мая ў Лідзе / Еўрарадыё
Еўрарадыё высветліла, хто і каму плаціў 9 мая каля Кургана Бессмяротнасці ў Лідзе. Нагадаем, на відэа трапіла чарга да лавачкі, на якой запаўнялі нейкія паперы і раздавалі людзям, якія падыходзілі, па 30 рублёў чатыры жанчыны з чырвона-зялёнымі стужачкамі. Мы змаглі пацвердзіць, што гэта былі супрацоўнікі Лідскага будаўніча-мантажнага трэста № 19.
Зрэшты, у прафсаюзе БМТ-19 свая версія падзей. Маўляў, грошы сапраўды раздавалі. Але не за ўдзел у масавым мерапрыемстве, а як прэмію да свята.
— Мы нічога крымінальнага не зрабілі. Па загадзе прэміявалі людзей, як на Дзень будаўніка, як на 8 сакавіка. Гэта нармальна, многія арганізацыі так робяць. А мы затупілі, што не на картку пералічылі? — пытаецца Алена Салуянова, старшыня прафкама БМТ-19. — Нічога дрэннага мы не рабілі, у нас і загад ёсць. Гэта ў нас усё жыццё практыкуецца. З нейкай лухты вось так вось зрабілі такую бязглуздзіцу.
— А як атрымалі выплату тыя, хто не прыйшоў на свята, калі вы выдавалі пад роспіс? — цікавімся мы. Але канкрэтнага адказу на гэтае пытанне не атрымліваем.
— Ну, мы ўжо з нашымі работнікамі самі разбяромся. Я не хачу... А то вы мне зноў перакруціце ўсё, зробіце нас зладзеямі, — кажа Салуянава. — Вы гэта таксама інтэрв'ю будзеце выстаўляць у інтэрнэт, як і ўсе астатнія?
Яшчэ ў Дзень Перамогі чытачы Еўрарадыё выявілі падабенства паміж адной з "жанчын з лавачкі" і сябрам прафкама БМТ-19 Ларысай Ухалавой. Другая жанчына падобная на бухгалтарку арганізацыі Ганну Сяліцкую.
— Дык гэта бухгалтэрыя раздае. І на Дзень будаўніка раздае. Так калісьці ў Доме культуры было. Арандуем ДК, пад роспіс кожнаму чалавеку. Гэта на свята, гэта нармальная з'ява. Нічога дрэннага і крымінальнага мы не рабілі, — працягвае Алена Салуянава.
У аператыўным каментары райвыканкама гаворыцца, што жанчыны, якія раздаюць грошы, не маюць дачынення да арганізацыі свята. І наогул, гэта ўсё можа быць правакацыяй. Але ў многіх, хто паглядзеў відэа, думкі паўсталі супрацьлеглыя. Бо час ад часу на мерапрыемствах, арганізаваных уладамі, заўважаюць раздачу грошай. А пасля сакавіцкага пікету каля амбасады Украіны ў Мінску ўдзельнікі акцыі строем занеслі сцягі ў бліжэйшае аддзяленне Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Па словах Алены Салуянавай, у райвыканкаме пра раздачу грошай не ведалі. Чыноўнікі самі высветлілі падрабязнасці пазней.
— Так, вядома, дырэктару тэлефанавалі. Дайшло да адміністрацыі. Так нядобра зрабілі, паступілі. Я ведаю, што іншыя арганізацыі — яны хітрэйшыя, яны пералічылі на картку. Але ў нас жа гатоўка.
— Ну вы, напэўна, пасля гэтага не будзеце так "палеўна" рабіць?
— У нас напісана ў калектыўным дагаворы, што і наяўны, і безнаяўны разлік. Усё гэта законна ў нас зроблена. Проста такія людзі бессаромныя ўзялі і так зрабілі. Непісьменна напісалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.