Вытворцы: Не ведаем, ці дапаможа нам нечым пошліна ў 100 долараў

У аддзеле маркетынгу жодзінскай фабрыкі “Світанак” гавораць, што пра намеры ўвесці выязную пошліну для паездак “на закупы” за мяжу чулі. Але пакуль не ведаюць, як гэта дапаможа беларускім вытворцам.

“Мы неяк аб гэтым не задумваліся — замінае нам тое, што нехта набывае вопратку за мяжой, альбо не… Мы не адчуваем нейкай вялікай праблемы. Продажы нашай прадукцыі ў Беларусі стабільныя”.

Пра тое ж мне гавораць і на іншых беларускіх прадпрыемствах лёгкай прамысловасці — салігорскай фабрыцы “Калінка” і віцебскім абутковым “Марка”. Пра скандальныя намеры ўладаў ведаюць паўсюль. Але пры гэтым не зусім зразумела — чым яны выкліканыя: прадукцыя са складоў разыходзіцца стабільна, праблем невырашальных няма.

Мінчанін Сяргей па пакупкі ў Вільню ездзіць прыкладна два разы на месяц — мае аўтамабіль і шматразовую візу. Гаворыць, што ў Літве набывае амаль усё.

“Звычайна для сям’і нешта набываю. Для сябе таксама, для машыны. Вось, для машыны колы двойчы на год. Парашок пральны набываю там, памперсы дзіцяці, прадукты харчавання таксама”.

Навіна пра намеры ўвесці стодоларавую пошліну Сяргея насцярожыла, але пакуль не засмуціла. Гаворыць, што беларусы прывыклі спачатку сутыкацца з праблемай, а ўжо пасля яе вырашаць. Але калі запаветныя сто долараў плаціць усё ж прыйдзецца, Сяргей будзе вымушаны адмовіцца ад частых паездак. Хоць у Літве тавары не толькі таннейшыя, але і лепшыя.

“Па-першае, там выходзіць танней. Асабліва калі зняць такс-фры. А па-другое, нават адна і тая ж прадукцыя, пральны парашок, напрыклад, куплены ў нас і куплены там — гэта розніца. Бо ў нас можна набыць тое, што робяць у Расіі, а там прадаюцца тавары, зробленыя ў ЕС”.

Паводле падлікаў майго суразмоўцы, калі ўлічыць выдаткі на аўтамабільную страхоўку і паліва — выгада ад адной паездкі ў “Акропаліс” можа складаць 30-40 долараў. Гэта значна менш за абяцаныя Лукашэнкам 100 долараў пошліны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі