"Я альфонс. Вызваліце мяне ад падатку за дармаедства"

"Я альфонс. Вызваліце мяне ад падатку за дармаедства"

Указ №200 кіраўніка краіны дазваляе мясцовым уладам "у асаблівых выпадках" вызваляць ад выплаты знакамітага падатку за дармаедства. Еўрарадыё паразмаўляла з чыноўнікамі некалькіх райвыканкамаў і даведалася, што пішуць у такіх заявах.

 

Кобрын: “Думала, у нас згубленае пакаленне. А аказваецца, што зусім не”

"Я думала, што ў нас згубленае пакаленне. А аказваецца, што зусім не. Вельмі шмат заяваў, напісаных унукамі. Пішуць, што яны вельмі любяць сваіх бабуль і дзядуляў, што вельмі пільна іх даглядаюць. Бацькі ў гэтых маладых людзей на пенсіі, не працуюць, але вось бабуль даглядаюць чамусьці менавіта ўнукі... Яшчэ чамусьці мужчыны ў асноўным звяртаюцца. Мужчыны, мужчыны, мужчыны. Мужчына адзін вось прыходзіў, так добра выглядаў. Хацеў заяву напісаць, але калі даведаўся, што мы прыедзем да яго дадому, то завярнуўся і пайшоў. Сказаў толькі, што "ўпакаваны", ― расказваюць у фінансавым аддзеле Кобрынскага райвыканкама.

Тут прымаюць па 2-3 заявы аб вызваленні ад дармаедскага падатку ў дзень. Чыноўніца таксама расказвае, што вельмі шмат просьбаў ад выпускнікоў розных навучальных установаў. Адным цяжка знайсці працу, іншыя проста не паспелі гэтага зрабіць.

 

Слонім: “Калі чалавек выязджаў за мяжу, то ён мае грошы”

"Шмат такіх выпадкаў, калі маладыя пасля інстытутаў шукаюць працу, але ў Слоніме не могуць яе знайсці. А на біржу не ідуць, кажуць, што сорамна. Маўляў, малады, з Мінска прыехаў, а працы няма... Частку заяваў мы задавальняем. Запрашаем такіх людзей да нас на паседжанне камісіі. Пытаем, чаму не працуюць, што і як. На месцы выязджаем перад гэтым... Мы ўсё правяраем. Запыт у падатковую дасылаем, глядзім выезд за мяжу. Натуральна, калі чалавек выязджаў за мяжу, то ён мае грошы, ён можа заплаціць. Трапляюцца такія выпадкі. Адмаўляем у льгоце тады", ― кажуць у выканкаме.

Тут атрымалі каля 50 заяваў аб вызваленні ад падатку. Разгледзець паспелі 30. З іх задаволілі "толькі 3-4".

"Я альфонс. Вызваліце мяне ад падатку за дармаедства"

Мазыр: “Студэнтаў вельмі многа, хто платна вучыўся і не меў накіравання”

"Часта пішуць толькі адзін радок: "Прашу вызваліць, бо ў мяне складанае матэрыяльнае становішча". Мы тады едзем праверыць. На жаль, шмат у каго неба і зямля. Пішуць адно, а дома зусім іншае. Яшчэ студэнты шмат заяваў напісалі. Яны ў мінулым годзе не працавалі яшчэ, а цяпер ужо ўладкаваліся на заробак па 200-250 рублёў. Такім даём ільготу па выплаце. Але ўсё індывідуальна. Студэнтаў вельмі шмат, хто платна вучыўся і не меў накіравання...

Яшчэ маладыя мамы трапілі, якія ніколі не працавалі. Калі ў іх жыллё ёсць, муж з заробкам, то такая заява не разглядаецца. Калі яна мама-адзіночка, кватэра здымная, то, вядома, вызваляем... Яшчэ бывае, што нехта жыве нераспісаны, дзіцяці да сямі гадоў, і тады тут пытанне юрыдычнае. Мужа як быццам і няма, але ён жа бацька. Камісія збіраецца раз на тыдзень, выязджаем і глядзім.

"У кабінеце вырашаць такія справы ― не дай бог. Я на мінулым тыдні сама ездзіла. Маладыя хлопцы, якія ў 2015 годзе нідзе не працавалі, чамусьці раптам масава даглядаюць сваіх бабуль. А калі да такой бабулі прыехаць, то там зусім іначай усё. Ведаеце, бывае, нават пішуць, што я вось не працаваў, не працую і працаваць не буду ―мяне жонка корміць і поіць. Прамым тэкстам. Адзін напісаў: "Я альфонс!". Толькі маладых студэнтаў шкада, яны вось не маглі нікуды падзецца ў 2015 годзе", ― расказвае начальніца фінаддзела райвыканкама Мазыра.

 

Усяго ў Мазырскім раёне выслалі каля 12 тысяч "лістоў шчасця". 140 чалавек напісалі заявы з просьбай вызваліць іх ад выплаты збору. Па словах чыноўнікаў, на дадзены момант задаволілі прыкладна 2-3% з апрацаваных просьбаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі