"Я бачыў "дно" Акрэсціна". Як выглядае штрафная камера ў мінскім ізалятары
Каардынатар суполкі вулічных мастакоў Signal project Алег Ларычаў выйшаў з мінскага ізалятара на вуліцы Акрэсціна. Трое з пяці сутак зняволення ён правёў у "штрафной" камеры — пакоі, які непаслухмяным вязням паказваюць са словамі "Будзеш выкалёбывацца — пасадзім сюды". Ларычаў кажа, што цяпер ён ведае, як выглядае "дно" Акрэсціна:
"Камера перанаселеная, без матрасаў. Я там быў сёмы, хаця яна разлічаная на чацвярых. Трое спалі проста на падлозе... — распавядае Еўрарадыё Алег Ларычаў. — Калі я зайшоў, там былі два неадэкватныя хворыя бамжы, да якіх было страшна дакранацца. Калі нас выводзілі папаліць, іншыя "сядзельцы" казалі, што пра гэтую камеру ходзяць легенды".
Асобае стаўленне Ларычаў тлумачыць тым, што праз яго суполку распаўсюджваецца інфармацыя пра вострыя сацыяльна-палітычныя графіці на мінскіх сценах. "Не хочацца разводзіць параною, але, думаю, што гэта помста за распаўсюджванне інфармацыі. Мне сказалі, што Мясніковіч пакрыўдзіўся [старшыня Савета Рэспублікі, экс-прэм'ер Міхаіл Мясніковіч сапраўды прызнаўся, што адзін з постараў "зачапіў" яго. — Еўрарадыё]. І таксама ёсць чуткі, што вельмі пакрыўдзіўся Шуневіч [міністр унутраных справаў. — Еўрарадыё], бо постар з ім у форме НКУС з'явіўся акурат у яго Дзень нараджэння".
Аўтараў графіці не знайшлі, таму, па словах Ларычава, крыўдзіцца больш няма на каго, акрамя як на яго. 4 красавіка маладога чалавека збілі ў пад'ездзе двое невядомых, пасля гэтага ён апынуўся ў лякарні. А ўвечары 26 красавіка АМАП затрымаў маладога чалавека побач з піцэрыяй ля станцыі метро "Інстытут культуры" ў Мінску. Актывіста абвінавацілі ў лаянцы ў публічным месцы.
Суд над Ларычавым расцягнуўся на два дні. Ён хадацнічаў пра далучэнне да справы відэа з камеры, што была на адным з міліцыянтаў. Але зрабіць гэта не атрымалася. Падчас вырашальнага пасяджэння было заяўлена, што камера не працавала, бо разрадзілася.
Пяццю суткамі Алега Ларычава пакарала суддзя Вікторыя Шабуня. Яна ж удзень 2 траўня асудзіла на 15 сутк арышту Паўла Севярынца, лідара хрысціянскіх дэмакратаў. У віну яму паставілі ўдзел у двух несанкцыянаваных мітынгах — 1 траўня ў Мінску і 3 сакавіка ў Курапатах.