“Я мушу быць са сваім народам”: прэзідэнт Грузіі тэрмінова з’язджае з Беларусі
Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі, якая з афіцыйным візітам знаходзілася ў Мінску, вырашыла тэрмінова вярнуцца ў Грузію. Падчас сустрэчы грузінская лідарка пажадала Аляксандру Лукашэнку паспяхова правесці Еўрапейскія гульні, і паабяцала сачыць за спаборніцтвамі на адлегласці, перадае прэс-служба беларускага прэзідэнта.
"Даводзіцца з'язджаць, але заўзець буду на адлегласці, — сказала Саломэ Зурабішвілі. — Зараз у Грузіі напружаная сітуацыя, таму я палічыла абавязковым быць там. Таму што, калі ў краіне адбываецца нешта, кіраўнік дзяржавы павінен быць на месцы. Таму яшчэ раз прабачце, але я павінна з'ехаць і быць побач са сваім народам".
Увечары 20-га чэревня ў Тбілісі прайшла масавая антырасійская акцыя пратэсту. Прычынай стаў выступ расійскага дэпутата Сяргея Гаўрылава, які, адкрываючы Міжпарламенцкую асамблею праваслаўя, дазволіў сабе заняць месца спікера парламента Грузіі. Гэта выклікала абурэнне дэпутатаў. Грузінская апазіцыя сцвярджае, што ў 1992-1993 годзе Гаўрылаў удзельнічаў у грузіна-абхазскім канфлікце на баку Абхазіі і па гэтай прычыне не меў права ўвогуле знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі.
Абурэнне перарасло ў масавы пратэст, які быў жорстка разагнаны паліцыяй.