"Я тут замярзаю": як сірата некалькі гадоў змагаецца за сацыяльнае жыллё
Дом Алены Буяк / Еўрарадыё
Летась Еўрарадыё расказала гісторыю сацыяльнай сіраты Алены Буяк з Наваколасава. Дзяўчына з 2007 года стаяла на чарзе на дзяржаўнае жыллё, а чыноўнікі пасялілі яе ў "часовы" дом 1955 года пабудовы. У доме, кажа Алена, вельмі холадна, няма душа і жыве сусед, які выпівае.
Два тыдні таму Алена напісала заяву на арэнднае жыллё ў Стоўбцах. Але, як аказалася, не ўсё так проста: на кватэры ў райвыканкаме конкурс — 97 чалавек на 17 аднапакаёвак. Кватэры для Алены ў сацыяльнай дзяржавы зноў не знайшлося.
Як сірата апынулася ў такім доме?
Алена і яе брат Максім правялі дзяцінства ў доме-інтэрнаце. Потым дзяўчына скончыла Слуцкі сельскагаспадарчы ліцэй, вучылася на агародніка-садавода. Пасля вучобы дзяржава прапанавала ёй два варыянты жылля: дом у Стоўбцах, які трэба было самастойна ацяпляць, і 65-гадовую пабудову ў Наваколасаве з ацяпленнем. Алена выбрала другі варыянт.
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 16 снежня 2013 года №563, асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у карыстанне выдаецца сацыяльнае жыллё ў выглядзе аднапакаёвай кватэры. Алена доўга не хацела прапісвацца ў доме, які ёй прапанавалі, і да апошняга спадзявалася на кватэру. Але аднойчы прыехалі раённыя чыноўнікі і прыгразілі, што яна можа страціць і гэты дом. І наогул, "сацыяльнае жыллё не прадугледжвае абмену".
"Рамонту не дачакаюся"
Чыноўнікі не раз прыязджалі ў госці да Алены і канстатавалі: умовы ў доме сапраўды жахлівыя. Але і дапамагчы за некалькі гадоў сіраце так і не змаглі. Рамонт мясцовыя ўлады не робяць, бо адзін пакой дома прыватызаваны. Сама Алена ўладкаваць жыллё не можа: працуючы дворнікам, яна атрымлівае 380-400 рублёў.
Аднойчы сіраце паабяцалі даць аднапакаёўку ў новабудоўлі, але не выйшла. Алена атрымала ліст, маўляў, у доме, дзе яна цяпер жыве, ёсць святло, ацяпленне. А значыць, усё добра.
— Мой сусед выпівае, не прыбірае за сабой. Дапамагчы аплаціць рамонт адмаўляецца, — расказвае Еўрарадыё Алена. — Быў у мяне дома нядаўна намеснік выканкама. Я спытала: "Вы да мяне прыязджалі пяць-шэсць гадоў таму, абяцалі зрабіць рамонт... Калі?" Адказалі, што гэтага я ўжо не дачакаюся.
Дзяўчына кажа, што цяперашняй марознай зімой літаральна замярзала. З-пад дзвярэй цягне паветра з вуліцы, вельмі холадна ў прыбіральні і на кухні.
— Душа ў мяне няма, але памыцца нават у тазіку немагчыма. Ноччу замярзаю. Не хачу жыць у гэтым доме, з гэтым суседам. Часам здаецца, што лепш нават на вуліцу пайсці, чым тут заставацца, — дзеліцца Алена.
10% — вайскоўцам, 30% — маладым спецыялістам
Нядаўна Алена даведалася, што льготнікам прапануюць аднапакаёвую кватэру ў новабудоўлі ў Стоўбцах. Здавалася, што вось-вось і яе мара спраўдзіцца. Але нешта зноў пайшло не так.
— Два тыдні таму я напісала заяву на гэта арэнднае жыллё. Ужо было пасяджэнне камісіі — дагэтуль мне ніхто нічога не паведаміў. Калі тэлефаную — не адказваюць, — кажа Алена. — Столькі гадоў мне не могуць дапамагчы проста жыць у нармальных умовах. Я, напэўна, памру і так не дачакаюся звычайнага жылля.
Еўрарадыё звярнулася па каментар у Стаўбцоўскі райвыканкам. Алена Жыбуль, намесніца старшыні аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, растлумачыла парадак выдачы жылля, але каментаваць сітуацыю канкрэтна Алены Буяк не стала:
— Ад свабоднага жылля вызначаецца доля. Дзесяць адсоткаў — на вайскоўцаў, трыццаць адсоткаў — на маладых спецыялістаў, якія навучаюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту. Астатняе — калі няма ні першых, не другіх — залежыць ад даты пастаноўкі на чаргу. Калі такіх няма — то ад даты падачы заяў. На 17 кватэр у новабудоўлі ў Стоўбцах прэтэндуе 97 чалавек.
— Рашэнне ўжо прынятае? Алена Буяк можа разлічваць на кватэру?
— Рашэнне пакуль на подпісе. Ёй павінны патэлефанаваць.
Праз дзве гадзіны пасля размовы з чыноўніцай нам перазваніла Алена Буяк. Сірата зноў атрымала адмову на арэнднае жыллё ў Стоўбцах.
Еўрарадыё будзе сачыць за сітуацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.