Ягораў: “Да Беларусі даходзіць у лепшым выпадку 30% донарскай дапамогі”

Паводле падлікаў экспертаў Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, з 2006 па 2011 год ЕС, ЗША ды іншыя краіны свету выдзелілі Беларусі каля 700 мільёнаў долараў донарскай дапамогі.



Еўрарадыё: Цікава, да якой высновы вы прыйшлі, прааналізаваўшы ўсе гэтыя лічбы, накірункі, праекты?..



Андрэй Ягораў: Роля грамадзянскай супольнасці не такая ўжо і значная ў рэалізацыі гэтых праграм. І праблема палягае не ў памерах дапамогі, якая ідзе на Беларусь, а ў механізмах і сродках таго, як яна накіроўваецца — у тых каналах, праз якія ажыццяўляецца гэта дапамога, і тых прынцыпах, на якіх яна грунтуецца.



Еўрарадыё: Паводле вашых падлікаў, з 2006 па 2011 год у Беларусь донары накіравалі 680,8 мільёна долараў. Колькі з іх атрымалі дзяржструктуры, а колькі — грамадзянская супольнасць?



Андрэй Ягораў: На грамадзянскую супольнасць ідуць малыя праекты на дробным узроўні. А дзяржава атрымлівае вялікія інстытуцыйныя рэсурсы, шматмільённыя праграмы, якія даюць ёй значную перавагу ў скарыстанні гэтых сродкаў на тыя мэты, якія выгадныя для беларускай дзяржавы.



Еўрарадыё: А ў лічбах: колькі за гэты час атрымала грамадзянская супольнасць і колькі — дзяржава?



Андрэй Ягораў: Непасрэдна на грамадзянскую супольнасць, згодна з рознымі падлікамі, была выдаткавана толькі дзесьці 1/10 частка ад усіх грошай. Тады як на дзяржаўныя ці калядзяржаўныя інстытуцыі каля 30 адсоткаў гэтых грошай пайшло. А вось астатнія грошы дастаткова ўмоўна дзеляцца паміж грамадзянскай супольнасцю і беларускай дзяржавай. Бо значная частка гэтых грошай (донарскай дапамогі Беларусі. — заўв. Еўрарадыё) аперуецца міжнароднымі інстытуцыямі, ідзе на пакрыццё выдаткаў саміх краінаў і інстытуцыяў у краінах Еўрапейскага саюза, якія аперуюць гэтымі сродкамі для Беларусі. Таму тут ёсць дзве праблемы. Першая: колькі грошай выдзяляецца грамадзянскай супольнасці, а колькі — дзяржаве? Другая: колькі з гэтых грошай атрымлівае Беларусь, а колькі знаходзяцца ў абароце саміх механізмаў, праз якія ажыццяўляецца дапамога? І ў першым і другім выпадку сітуацыя не вельмі вясёлая як для грамадзянскай супольнасці, так і для Беларусі ўвогуле.



Еўрарадыё: Што ў вас падчас гэтай працы з лічбамі выклікала найбольшае здзіўленне?



Андрэй Ягораў: Калі глядзець на выдаткі краінаў на правы чалавека, то відаць значнае зніжэнне ў гэтым накірунку пасля 2010 года. Частка гэтых сродкаў перанакіраваная на падтрымку непасрэдна дэмакратычных інстытуцый. З правоў чалавека грошы перанакіравалі на іншыя мэтавыя катэгорыі. І гэта факт, які здзіўляе.



Еўрарадыё: Ці відаць з дакументаў, з якімі вы працавалі, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца накіраваныя ў Беларусь грошы?



Андрэй Ягораў: Не. Мы гэта не аналізавалі. Але калі паглядзець на сітуацыю са зменамі ў Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе, то можна казаць, што тая знешняя дапамога, якая ідзе Беларусі, у сэнсе дэмакратычных трансфармацый і развіцця грамадзянскай супольнасці — не эфектыўная.



Еўрарадыё: Грошы выкарыстоўваюцца неэфектыўна ці — не па прызначэнні?



Андрэй Ягораў: Гэта азначае, што сістэма той дапамогі, якая ідзе, яна ў значнай ступені сама стымулюе неэфектыўнасць яе выкарыстання. Да прыкладу, роля грамадзянскай супольнасці ў вызначэнні тэматычных прыярытэтаў, мэтаў і парадку рэалізацыі праектаў застаецца нязначнай. А гэта азначае, што самі беларускія агенты вельмі мала ўплываюць на тое як, паводле якіх прынцыпаў і на якія мэты гэта дапамога будзе выкарыстоўвацца. А гэта, у сваю чаргу, значна зніжае яе эфектыўнасць. І нават на міжнародным узроўні пытанне неэфектыўнасці гэтай дапамогі ў мэтах развіцця вельмі востра ставіцца з 2005 года. Яны спрабуюць увесці новыя прынцыпы, у якіх роля грамадзянскай супольнасці падвышаецца. Але пакуль гэтыя прынцыпы ўвасабляюць, яны моцна змяняюцца.



Еўрарадыё: Ці могуць аналітыкі з адмысловых структур з вашай працы даведацца, хто і колькі з “пятай калоны” атрымлівае донарскіх грошай?



Андрэй Ягораў: Не, там усе дадзеныя ідуць як статыстычныя абагульненні. На адмысловых сайтах можна праглядзець назвы і праграм, і праектаў, сумы, якія на іх выдаткоўваюцца, але ўбачыць там беларускіх удзельнікаў гэтых праграм, калі яны не жадаюць быць убачанымі, не атрымаецца.



Еўрарадыё: Колькі донарскіх грошай даходзіць да Беларусі пасля таго, як трапяць у рукі розных еўрапейскіх пасярэднікаў?



Андрэй Ягораў: Справа ў тым, што схемы, па якіх ідуць грошы ў Беларусь, непразрыстыя. Праз сітуацыю прававую і абмежаванне выкарыстання міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі. Напрыклад, выкарыстоўваецца партнёрская схема — калі ў партнёрстве з беларускай арганізацыяй дзейнічае еўрапейская арганізацыя грамадзянскай супольнасці. Аднак дэ-факта гэтыя грошы аказваюцца ў Беларусі, перамяшчаючыся непразрыстым шляхам. Гэта дастаткова вядомыя рэчы, і Бяляцкі, які сядзіць у турме, сведчанне абсурднасці сітуацыі з міжнароднай дапамогай. Але гэта тыя ўмовы заканадаўства, якія вызначаныя беларускім рэжымам дзеля таго, каб спыніць усе магчымыя рэсурсы на падтрымку грамадзянскай супольнасці.


 
Еўрарадыё: Ці вялікая частка донарскіх грошай не перасякае беларускую мяжу?



Андрэй Ягораў: Вельмі значная частка грошай не перасякае беларускую мяжу і ўвогуле не трапляе ў Беларусь. Да Беларусі ў лепшым выпадку 30% рэсурсаў даходзіць, якія непасрэдна ў нашай краіне выкарыстоўваюцца. І ў гэтым віна не толькі дрэнных пасярэднікаў ці грамадзянскай супольнасці, якая імкнецца вывозіць гэтыя грошы з краіны, але тых умоваў, якія ствараюцца ў краіне для выкарыстання замежнай дапамогі. Паводле нашых законаў, гэта ўсё збольшага нелегальна.



Еўрарадыё: А розныя семінары для беларусаў за мяжой, якія арганізоўваюць замежныя арганізацыі, фінансуюцца таксама з “беларускіх” грошай і ўлічаныя ў вашай працы?



Андрэй Ягораў: Так. І гэтыя грошы ўсё адно будуць у справаздачы той краіны, якая першая выдзеліла іх камусьці. А вось каму яна іх выдзеліла — публічнай інстытуцыі накшталт свайго МЗС ці нейкай іншай публічнай арганізацыі ці агенцтву, якое працуе “пад урадам”, альбо гэта міжнародная інстытуцыя накшталт ААН, альбо ўніверсітэт ці арганізацыя грамадзянскай супольнасці — не істотна. Далей гэтыя арганізацыі ў межах мэтавага прызначэння гэтых грошай могуць выкарыстоўваць іх на арганізацыю семінараў, адукацыі і гэтак далей.



Еўрарадыё: Прааналізаваўшы сумы фінансавання і тыя праграмы, на якія яны выдаткоўваюцца, вы можаце пагадзіцца з кіраўніком Беларусі ў тым, што апазіцыя атрымлівае ад Захаду шалёнае фінансаванне?



Андрэй Ягораў: Гэтага сказаць адназначна нельга. Можна сказаць, што самым буйным грантаатрымальнікам з’яўляецца беларуская дзяржава і розныя яе інстытуцыі, а не грамадзянская супольнасць. Дакладней, гэта — беларуская дзяржава і міжнародныя пасярэднікі. Вось яны атрымліваюць значную частку грошай. А вось апазіцыя і грамадзянская супольнасць атрымліваюць выразна меншую частку рэсурсаў.



Еўрарадыё: У такім выпадку здзіўляе нежаданне ўладаў ўдзельнічаць у праектах праграмы “Усходняе партнёрства” — гэта прынесла б краіне дадатковыя грошы…



Андрэй Ягораў: Логіка дзяржавы ў тым, каб абмежаваць усялякія рэсурсы, якія могуць пайсці на развіццё грамадзянскай супольнасці. Мы ведаем, што публічныя інстытуцыі значна менш эфектыўныя ў выкарыстанні гэтай дапамогі, у адрозненне ад інстытуцый прыватных і грамадзянскай супольнасці. А дапусціць хоць нейкае развіццё альтэрнатыўных дзяржаўным інстытуцыям агентаў у сучаснай Беларусі падаецца беларускаму рэжыму вельмі небяспечным. Таму рэжым імкнецца не атрымаць больш выгадаў для дзяржавы, для нацыі, для Беларусі і для сябе непасрэдна, колькі — не дапусціць усялякімі захадамі развіцця альтэрнатыўных палітычных сілаў, грамадска-палітычных суб’ектаў. З якімі потым, на думку дзяржавы, трэба будзе ўступаць у нейкі дыялог. А гэтага рэжым асцерагаецца больш за ўсё.



Еўрарадыё: З вашых слоў атрымліваецца, што, калі заўтра донары адмовяцца ад фінансавання праграм і праектаў у Беларусі, то больш, у фінансавым сэнсе, страціць дзяржава, чым грамадзянская супольнасць?



Андрэй Ягораў: Калі размова ідзе пра грошы ў абсалютных лічбах, то так — больш згубіць ад такога кроку дзяржава. Але і для грамадзянскай супольнасці гэта будзе мець вельмі дрэнныя наступствы — праз тое, што для яе няма магчымасці абапірацца на нейкія ўнутраныя рэсурсы. Але найбольш такая сітуацыя будзе дрэннай для Беларусі ўвогуле. Бо тыя грошы, якія накіроўваюцца ў Беларусь, — гэта не крэдыты! Іх потым не трэба будзе вяртаць з працэнтамі. Яны ж дазваляюць рэалізоўваць інавацыйныя праекты, шукаць новыя стратэгіі развіцця, ліквідаваць недахопы ў тых сферах, на якія ў дзяржавы не хапае грошай.



Еўрарадыё: Што можаце сказаць наконт таго, як змянялася донарская дапамога Беларусі ў 2012 годзе?



Андрэй Ягораў: Мне здаецца, што асноўныя трэнды захаваюцца: памяншэнне ўдзелу ў праграмах публічных інстытуцыяў ды дзяржавы і павелічэнне выдаткаў на грамадзянскую супольнасць.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі