Яхту з нарвежцамі знялі з мелі ў Дубровенскім раёне (фота)
Беларускія ратавальнікі дапамаглі нарвежскай яхце, якая села на мель у Дубровенсікм раёне Віцебшчыны. Паводле інфармацыі МНС, на дапамогу караблю адправіліся вадалазы. 6 верасня ў 14.10 яны дапамаглі яхце зняцца з мелі. Пасля гэтага падарожнікі працягнулі свой шлях.
Як распавядала Еўрарадыё, яхта села на мель 5 верасня ў 10 м ад берага. На борце карабля знаходзяцца трое мужчын: два журналісты першага нарвежскага нацыянальнага тэлеканала "Осла", а таксама перакладчык, які раней пражываў у Мінску.
Паведамляецца, што 17 жніўня яхта выйшла з Хельсінкі (Фінляндыя) і прайшла ў Санкт-Пецярбург. Адтуль падарожнікі праплылі Нявой у Наваладажскі канал і ў Ноўгарад, адкуль па рацэ Волхаў і часткова па сушы дабраліся да Смаленска. Са Смаленска 3 верасня нарвежцы адправіліся па Дняпры ў бок Чорнага мора. Канчатковая мэта іх падарожжа — Турцыя.