Як 11 кастрычніка затрымлівалі журналістаў — і за што іх будуць судзіць
Журналістка Таццяна Каравянкова / Еўрарадыё
Затрыманых 11 кастрычніка на Маршы годнасці журналістаў будуць судзіць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Работнікаў незалежных беларускіх СМІ і інтэрнэт-парталаў пратрымалі ў Кастрычніцкім РУУС да вечара і пачалі выпускаць ужо за поўнач. З варот аддзялення міліцыі яны выходзілі з пратаколамі ў руках.
Першымі каля 12-й ночы вызвалілі журналістаў "Онлайнера" Аляксея Носава, Аляксандра Уладыку і Аляксандра Ружачку. У іх пратаколах фігуруе артыкул 23.4 Адміністрацыйнага кодэкса — "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў".
"Спыніліся мікрааўтобусы, выбеглі людзі ў балаклавах, усе разбегліся. Мы стаялі на лесвічцы, да нас падышлі і сказалі: "Гэтага бяром". І ўсё", — распавёў ля варот РУУС Аляксандр Уладыка.
Каля трох гадзін ночы з РУУС выйшла журналістка Алена Талкачова. Яе таксама чакае суд. У пратаколе гаворыцца, што супрацоўнік патрульна-паставой службы Нікіцін неаднаразова прасіў Талкачову "пакінуць пэўнае месца, неабходнае для забеспячэння грамадскага парадку, а таксама для асабістай і грамадскай бяспекі грамадзян", але журналістка не адгукнулася на яго просьбы. Талкачова кажа, што такога супрацоўніка яна не бачыла, а затрымліваў яе супрацоўнік прэс-службы ГУУС Раман Лашкевіч. Пры гэтым адзінае, аб чым ён прасіў, гэта праехаць "для праверкі дакументаў".
Апошняй з будынка РУУС выйшла журналістка "Нашай Нівы" Ірэна Кацяловіч — каля 4:30 раніцы.
Усяго 11 кастрычніка ў розных гарадах Беларусі было затрымана каля 35 журналістаў. Многіх адпусцілі з аддзяленняў міліцыі без пратаколаў. Усяго ж падчас мірных пратэстаў па дадзеных незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" было затрымана каля 600 чалавек. Разганяючы удзельнікаў акцыі, міліцыя ўжывала гумовыя кулі і светлашумавыя гранаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.