Пакуль ніякіх звестак па расследаванні няма, беларуская прапаганда ўжо знайшла вінаватых. Праз гадзіну пасля з'яўлення інфармацыі пра гібель Шышова праўладныя тэлеграм-каналы і спікеры ва ўнісон пачалі гаварыць пра тое, што яго маглі забіць "для правакацыі".
Прыводзім асноўныя выказванні ў першыя дзве гадзіны пасля першай навіны.
8:10
Украінскі тэлеграм-канал "Силовой" паведаміў пра тое, што Шышоў знойдзены павешаным у лесапаласе на мяжы Кіева. Неўзабаве інфармацыю пацвярджае і Беларускі дом ва Украіне, і нацыянальная паліцыя.
9:05
Праўладны тэлеграм-канал "Жёлтые сливы" піша наступнае:
"Казаў вам Азаронак: вяртайцеся дадому, хай у турму — затое жывымі і здаровымі застаняцеся. Не слухалі. Думалі, усё гэта хіханькі ды хаханькі".
9:20
Амбудсмен па правах журналістаў пры праўладным саюзе журналістаў Аляксандр Шпакоўскі:
"У нашай краіне праціўнік такія акцыі праводзіць не ў стане. Прынамсі, складана. [...] Таму ў зоне рызыкі ў першую чаргу знаходзяцца актывісты, якія хаваюцца за мяжой, асабліва самыя бескарысныя з іх. На крыві гэтых людзей будуць ляпіць сакральную ахвяру і выкарыстоўваць у якасці фармальнай падставы для ўзмацнення ціску на Беларусь".
9:44
Праўладны тэлеграм-канал "Земля наша", які таксама звязаны з "Жёлтыми сливами" і часта публікуе інфармацыю ад сілавікоў:
"Заходнім спецслужбам цяпер вельмі трэба абвастрыць сітуацыю ў Беларусі. Забойства змагароў у выгнанні — гэта варыянт".
9:57
Ігар Тур, супрацоўнік АНТ, сябра пула Лукашэнкі і галоўны "даследчык грахоў" беларускай апазіцыі:
"Чалавека шкада. Следства разбярэцца. Але чытаем почырк адной арганізацыі з абрэвіятурай з трох літар з суседняй краіны. Пакуль пра гэта не буду, але, магчыма, будзе дапоўнена".