Як былі пакараныя карупцыянеры, пра якіх казаў Лукашэнка ў пасланні 2014 года?

Як былі пакараныя карупцыянеры, пра якіх казаў Лукашэнка ў пасланні 2014 года?

“Ніякага паслаблення людзям, замешаным у карупцыі, няма, не было і не будзе”, — абяцае кіраўнік краіны, выступаючы ў парламенце. У Пасланнях 2015 і 2016 гадоў Аляксандр Лукашэнка закранае тэму барацьбы з карупцыяй мімаходзь, затое ў 2014 годзе называе імёны і пасады карупцыянераў, якіх злавілі за руку. Еўрарадыё высвятляе, як склаўся лёс гэтых чыноўнікаў.

ХТО

Старшыня Белспажыўсаюза Сяргей Сідзько.

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“У мінулым годзе (2013-м) праваахоўнымі органамі ўскрытая злачынная схема, арганізаваная кіраўніцтвам Белспажыўсаюза: за адкаты выдавалі дазволы на будаўніча-мантажныя працы, за хабар ажыццяўлялі незаконную рэалізацыю нерухомасці і зямельных участкаў”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

З Пасланнем кіраўнік краіны выступае ў парламенце 22 красавіка, а суд кропку ў справе старшыні Белспажыўсаюза ставіць толькі 14 жніўня 2015 года: Сідзько атрымлівае 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, штраф у 500 базавых і забарону на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.

ХТО

Старшыня канцэрна “Беллегпрам” Сучкоў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“У канцы лютага (2014 года) падчас атрымання хабару затрыманыя старшыня канцэрна “Беллегпрам” Сучкоў і дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Вянкоўская. Па справе праведзенае выманне больш, чым мільёна долараў, залатых зліткаў, накладзены арышт на элітныя аўтамабілі”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Слуханні па гэтай справе пачаліся ў 2015 годзе, судовы працэс дагэтуль не скончаны — у траўні будуць спрэчкі бакоў.

ХТО

Намеснік старшыні канцэрна “Белнафтахім” Уладзімір Волкаў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Затрыманы за хабары намеснік старшыні канцэрна “Белнафтахім” Волкаў: арыштаваныя дзве кватэры ў Мінску, сто тысяч долараў ЗША, элітныя аўтамабілі. Суд разбярэцца, канешне ж, адкуль гэтая маёмасць ў звычайнага чыноўніка”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

У траўні 2014 года асудзіў Волкава на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй і забаронай займаць кіруючыя пасады. Але ўжо на пачатку 2016 года яго не толькі датэрмінова вызваляюць, але і прызначаюць на пасаду дырэктара аб’ектаў будоўлі Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода!

ХТО

Намеснік Генпракурора Аляксандр Архіпаў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Атрымаў хабар у выглядзе злітка золата і бутэлькі каньяку за спыненне крымінальнай справы супраць нецвярозага “бяспраўніка”, які здзейсніў на матацыкле дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога загінула дзяўчына. Усё вырашылі замазаць, нават не пагаварылі з бацькамі дзяўчыны, якая загінула”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

17 чэрвеня 2014 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда выносіць Архіпаву прысуд: 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй і забаронай на 5 гадоў займаць кіруючыя пасады. А ўжо 26 студзеня 2016 года Архіпава прызначаюць…дырэктарам сельскагаспадарчага прадпрыемства “Пятровічы”!

Але гэта не адзінкавыя выпадкі. 16 чэрвеня 2014 года за “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” суд на тры гады пазбаўляе волі намесніка старшыні Баранавічцкага гарвыканкама Ігара Стасевіча. А 1 лютага 2016 года яго вызваляюць і прызначаюць дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы.

1 ліпеня суд на 8 гадоў адпраўляе ў калонію за “раскраданне маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі” гендырэктара Магілёўдрэва Андрэя Усава. Але 2 лютага 2016 года загадам кіраўніка краіны яго вызваляюць і прызначаюць выканаўчым дырэктарам па вытворчасці “Магілёўскага завода Строммаш”.

А былога старшыню Чашніцкага райвыканкама Уладзіміра Булая, якога абвінавачвалі ў злоўжыванні ўладай, 16 студзеня 2016 года прызначаюць дырэктарам ААТ “Кляновічы”.

ХТО

Намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Хурбатаў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“За перавышэнне ўлады і ўдзел у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Хурбатава”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

“Справа яшчэ ва Упраўленні Следчага камітэта па Віцебскай вобласці”, — паведамляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Вярхоўнага суда Юля Ляскова.

ХТО

Намеснік міністра спорту і турызму Сяргей Нерад

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Складаная сістэма дзяржзакупак не перашкодзіла намесніку міністра спорту і турызму Нераду неаднаразова атрымліваць хабар ад камерцыйных арганізацый за перамогу ў конкурсах на пастаўку спортінвентару”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 5 гадоў забароны займаць кіруючыя пасады.

ХТО

Кіраўнік прадпрыемства “Мінсккаапдругрэсурсы” Іваноў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Па хабары на суму больш 26 тысяч долараў, амаль 100 мільёнаў рублёў, выстаўленае абвінавачванне кіраўніку прадпрыемства Мінсккаапдругрэсурсы Іванову”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Іваноў атрымлівае 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй. Але на гэтым справа сталічных нарыхтоўшчыкаў не завяршаецца. 21 красавіка вынесены прысуд “васьмі былым нарыхтоўшчыкам другаснай сыравіны УП Мінсккаапдругрэсурсы за растрату грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры і падман спажыўцоў”. Арганізатар злачыннай групоўкі атрымлівае 10 гадоў пазбаўлення волі, астатнія — ад 3,5 да 7 гадоў. Але і гэта яшчэ не ўсё! Супраць новага, прызначанага на пасаду дырэктара Мінсккаапдругрэсурсаў таксама распачатая крымінальная справа за “неаднаразовае атрыманне хабару і раскраданне грашовых сродкаў”. Дырэктар — пад вартай. Разам з ім арыштаваныя 11 чалавек.

ХТО

Супрацоўніцы Міністэрства юстыцыі Галіна Грышкавец і Наталля Беразоўская

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“28 крымінальных спраў аб атрыманні хабараў на суму больш дзясяткаў тысяч долараў ЗША распачатыя ў дачыненні да чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі Грышкавец і Беразоўскай!”

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Галіна Грышкавец атрымлівае 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму і 108 мільёнаў рублёў штрафу, Наталля Беразоўская — 4 гады і 54 мільёны рублёў.

ХТО

Старшыня Кіраўскага раённага суда Клімаў і намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Гомеля Жораў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Сёлета з палічным былі затрыманыя старшыня Кіраўскага раённага суда Клімаў і намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Гомеля Жораў. Папярэджваю, ніякіх паслабленняў людзям, замяшаным у карупцыі, няма і не будзе!”

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Першы асуджаны на 4 гады калоніі агульнага рэжыму, другі — на 14 гадоў з канфіскацыяй.

ХТО

Начальнік мытнага паста “Казловічы” Гур’еў

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Начальнік мытнага паста “Казловічы” Гур’еў арганізаваў канал незаконнага перамяшчэння буйных таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Атрымаў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй

ХТО

Службовыя асобы ТАА “Антасам”

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Каля 18 кілаграмаў золата, амаль паўмільёна долараў на рахунках і амаль 10 тысяч долараў наяўнымі забралі ў межах крымінальнай справы ў службовых асоб ТАА "Антасам"”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Прысуд дзвюм былым службовым асобам ТАА “Антасам”: Жураву — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, Малашэвічу — 5,5 года калоніі з канфіскацый.

ХТО

Дырэктар прадпрыемства БелВетініфарм Алег Меркушаў і… старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Касінец.

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

“Не справіўся (Алег Меркушаў, — Еўрарадыё) з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па выпуску імпартазамяшчальных лекаў. Тым не менш, яго прызначаюць першым намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама. Аднак і там ён усё праваліў. У красавіку 2013 года ён зноў прызначаецца, кім бы думалі, дырэктарам ААТ “БелВетініфарм”. Давёў прадпрыемства да банкруцтва і збег у Прыбалтыку! Дык вось, я хачу папярэдзіць Генеральнага пракурора: туды адпраўце губернатара (Аляксандра Косінца, — Еўрарадыё) і ўсіх, хто яго прызначаў, хай яго адтуль прывязуць дамоў, для таго, каб мы маглі з ім разабрацца. Дарэчы, для даведкі, калі нехта забыўся: Віцебскую вобласць у нас узначальвае рэвалюцыйны губернатар, які вядзе страшэнную барацьбу з карупцыяй”.

ЧЫМ СКОНЧЫЛАСЯ

Як паведамляе сайт “Народныя навіны Віцебска”, на пачатку 2015 года Алег Меркушаў па сваёй волі вярнуўся ў Віцебск і цяпер працуе кансультантам у ТАА “Адэні”, якое займаецца арганізацыяй святаў. 27 снежня 2014 года Аляксандр Косінец перасядае з крэсла віцебскага губернатара ў крэсла кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Фота: www.novaya.by, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі