Як дарагія буцікі атрымліваюць сертыфікаты, якія патрабуюць з іпэшнікаў?
Каб прайсці сертыфікацыю вопраткі, трэба знішчыць частку прадукцыі. Еўрарадыё высвятляе, ці робяць гэта крамы, якія прадаюць рэчы за тысячы долараў?
З 1 снежня дробным прадпрымальнікам у Беларусі абяцаюць увесці абавязковае дэклараванне адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці. Гэта значыць, што з кожнай, нават невялікай партыі, яны мусяць аддаваць узор у лабараторыю. Там у працэсе даследаванняў яго знішчаць.
Цікава ці знішчаюць у беларускіх лабараторыях вопратку ад Armani, PennyBlack, Corneliani, Baldinini, MaxMara, Ermenegildo Zegna, якая часам каштуе некалькі тысяч долараў?
Усё адзенне, якое прадаецца ў Мытным саюзе, павінна праходзіць сертыфікацыю і дэклараванне, кажуць у Еўразійскай эканамічнай камісіі.
"Незалежна ад таго, гэта Армані ці нешта іншае. Калі мы расійскія ці беларускія прадукты вядомых марак прадаём, то яны праходзяць сертыфікацыю на Захадзе. Яны ж не павінны нам на слова верыць".
У саміх жа фірмовых крамах у Мінску не хочуць распавядаць, як праходзяць дэклараванне якасці тавараў з Італіі. Калі ад прадпрымальнікаў за сертыфікат патрабуюць здаць на аналіз джынсы ці пару абутку, якія знішчаць падчас даследавання, то што адбываецца з брэндавымі касцюмамі за 2 тысячы баксаў?
"Я не хацела б агучваць падобныя рэчы. Можаце патэлефанаваць па нейкім іншым нумары", — аднатыпна адказваюць у сталічных буціках і дэманструюць на вопратцы маркіроўку EAC, якая сведчыць аб праходжанні сертыфікацыі.
Але ў адзіным рэестры, у якім абавязкова фіксуюцца ўсе сертыфікаты, вядомых марак, што прадаюцца ў Беларусі, няма. А вось у Казахстане ёсць!
У лабараторыі Алматы распавядаюць, што да выпрабаванняў дарагой вопраткі ставяцца ашчадна.
"Яны часта прывозяць тканіну такую ж. Калі мы бачым, што гэта адзін у адзін, то праводзім выпрабаванні на тканіне. Вырабы вельмі дарагія, і мы іх стараемся не знішчаць. У вялікай партыі абутку заўсёды знойдзецца пара з дэфектам. А мы ж правяраем бяспеку".
Спецыялісты лабараторыі ў Алматы на вока могуць вызначыць якасць футра, каб не знішчаць дарагія шубы. У лабараторыі кажуць, што калі прадпрымальнік таксама прынясе кавалак тканіны замест пары джынсаў, то такі варыянт магчымы.
Але гэта ў Казахстане. Адшукаць у Беларусі нейкую лабараторыю, якая б рабіла праверку дарагой вопраткі, не атрымоўваецца. І адкуль сертыфікаты ў мінскіх крамах, застаецца загадкай.
У беларускім Дзяржстандарце Еўрарадыё кажуць, што крамы праходзяць усе неабходныя працэдуры. Гэта значыць, што на вопратку і абутак яны робяць дэкларацыю адпаведнасці. Пры выпрабаваннях знішчаецца толькі адзін узор, напрыклад, штаны. Дэкларацыя будзе дзейнічаць на працягу 3 гадоў.
Ёсць у Беларусі і практыка калі знішчаецца кавалак тканіны, а не гатовы прадукт. Але гэта павінен быць вялікі кавалак ў паўметра, замаркіраваны вытворцам, каб можна было пацвердзіць, што менавіта з яго зробленая партыя вопраткі.
У Еўразійскай эканамічнай камісіі і ў беларускім Дзяржстандарце кажуць, што займацца дэклараваннем павінен вытворца, пастаўшчык ці прадавец. Як правіла, калі з Еўрасаюза прывозіцца вялікая партыя вопраткі, то ўсім гэтым займаецца прадстаўнік вытворцы ці пастаўшчык. Таму крамы, у адрозненні ад прыватных прадпрымальнікаў, якія закупляюцца на рынках суседніх краін, атрымліваюць прадукт адразу з маркіроўкай ЕАС.
Фота: relax.by