Як махляры “разводзяць” даверлівых беларусаў на грошы (відэа)

У нядзелю раён сталічнай Камароўкі зазвычай шматлюдны. Таму не здзіўляемся, калі на прыступках пераходу бачым кабету з партрэтам дзіцяці.

“Дапамажыце, прашу вас, звярніцеся!” — вымольвае яна.

Жабрачка называе сябе мамай Данііла Руса, які са дня на дзень памрэ, калі не зробяць платную аперацыю. Людзі раз за разам кідаюць у яе торбу купюры па 5 і 20 тысяч.

Няма сумневаў, што жанчына падманвае. Па адрасе пражывання дзіцяці ва ўкраінскім горадзе Рахаў жыхароў з прозвішчам Рус не зарэгістравана. Не знаходзім сваякоў малога і праз сацыяльныя сеткі. Ніякіх збораў сродкаў для чалавека з такім прозвішчам не праводзілася, інтэрнэт-аб’яў на гэты конт нідзе няма. Таму звязваемся з кіеўскай лякарняй “Ахматдзет”, дзе нібыта змагаецца за жыццё Данііл Рус.

“Такога дзіцяці няма і не было”, — упэўнена адказвае намесніца галоўурача Алена Мяшкова, якая да гэтага праверыла спісы пацыентаў.

Выходзіць, кабета з пераходу падманвае людзей. А зарабляе пры гэтым за адзін выхад у людзі, як яна сама прызнаецца, каля 600 тысяч рублёў.

Яшчэ праз 300 метраў на алеі, якая вядзе да рэстарана “Лідо”, стаіць чарговая згорбленая жабрачка, гадоў на 15 маладзейшая за папярэднюю. Ужо з партрэтам Уладзіміра Руса. У паперах, якія нібыта запоўнілі лекары, прозвішча дзіцяці напісанае няправільна.

Гандляры з перахода не любяць такіх аферыстак і эмацыйна паказваюць, як тыя, скончыўшы жабраваць, з калек пераўтвараюцца ў здаровых і бадзёра сыходзяць з “месцаў працы”.

***

Праваахоўнікі запэўніваюць, што абараняюць інтарэсы беларускіх сямей, якія церпяць ад такіх аферыстаў. Але на справе пакуль мала што робіцца.

На мінулых выхадных у цэнтры Маладзечна маладая аcоба зноў прасіла грошы з партрэтам мінчанкі Дашы Сяргейчык. Гэтыя грошы на лячэнне хворых дзяцей, зразумела, не ідуць.

“Спытаўся, як завуць маці дзяўчынкі. Яна мне сказала адно імя, а як загугліў, аказалася, што гэта няпраўда. Калі апублікаваў фота жабрачкі ў сацсетках, людзі пачалі пісаць, што яна там ужо два гады стаіць”, — распавядае Еўрарадыё Антон Мандрык, які сфатаграфаваў падманшчыцу.

Гэта не першы выпадак у Маладзечне, але мясцовая міліцыя затрымлівае махлярак, а пасля адпускае.

13 сакавіка ў “Беларускім доме друку” праводзіўся круглы стол па гэтай праблеме з удзелам кіраўніка РУУС Савецкага раёна Максіма Гамолы, а таксама дэпутата Палаты прадстаўнікоў Наталлі Гуйвік. Прысутнічала і Яўгенія — мама Сашы Іванцовай. У дзяўчынкі ДЦП, а махляры, узяўшы фота малой з інтэрнэта, таксама просяць грошы нібыта на яе лячэнне. Бацькі Сашы самі затрымалі адну з махлярак з партрэтам іх дачкі за руку і перадалі ў Савецкае РУУС Мінска. У той жа дзень падманшчыцу адпусцілі, крымінальную справу не распачыналі.

“Дэпутат сказала, што праблема не мае масавага характару і зменаў у заканадаўстве не патрабуецца”, — перадае падрабязнасці круглага стала сям’я Іванцовых.

Махлярка з партрэтам хворага дзіцяці за месяц можа сабраць 30 мільёнаў

Падчас мерапрыемства, па словах сям’і, толькі адвакат Дзмітрый Лепрэтар прызнаў праблему і прапанаваў дапамогу ў плане пісьмовага складання заявы ў суд.

“Мяркуем, гэта пустое. Паразмаўлялі, і ўсё. Такога, што прызналі існаванне праблемы, мы не пабачылі”, — робіць выснову пацярпелая ад махляроў сям’я.

У сталічнай міліцыі Еўрарадыё не змаглі аператыўна зарыентаваць, чаму з аферысткамі не могуць разабрацца. Прапанавалі скласці пісьмовы запыт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі