Як мінчанка вырашала кватэрнае пытанне, а апынулася ў пекле на 14 гадоў
Гэтая гісторыя доўжыцца з пачатку 2000-х гадоў. Бацькі купілі Паўліне Калтовіч пакой ў двухпакаёвай кватэры недалёка ад станцыі метро “Пушкінская” ў Мінску. Грошай, каб набыць жыллё цалкам, не хапала, таму асобны пакой для студэнткі быў добрым варыянтам. Тым больш, падчас куплі ў агенцтве нерухомасці запэўнілі, што суседка па кватэры — інтэлігентная і спакойная жанчына на пенсіі.
Вырашыць кватэрнае пытанне спрабуюць многія жыхары сталіцы. Але ў выпадку з Паўлінай нешта пайшло не так. Пасля пераезду дзяўчыну чакалі скандалы, выклікі міліцыі і нават судзімасць нібыта за хуліганства.
“У агенцтве сказалі, што ў кватэры будзе жыць бабуля-божы дзьмухавец. На вялікі жаль, далёка не так усё аказалася, — распавядае Еўрарадыё Паўліна Калтовіч. — Як я сёння разумею, у гэтай бабулі было псіхічнае захворванне. Я была дзяўчынай без жыццёвага досведу і не адразу зразумела ўсю складанасць сітуацыі”.
Суседкай Паўліны аказалася былая настаўніца англійскай мовы. Пенсіянерка шмат гадоў пражыла ў адзіноце. Сваякі прыходзілі да жанчыны рэдка і асабліва не дапамагалі. А адносіны паміж студэнткай і былой настаўніцай не склаліся з першых дзён.
“Яна пастаянна выклікала на мяне міліцыю і скардзілася, — узгадвае суразмоўца. — Быццам бы я краду паралон з яе вакна, шмат выліваю вады, адкрываю фортку і шмат іншага. Вось такая інтэлігентная жанчына на пенсіі”.
“У судзе яна прыдумляла, што я яе штурхала”
У такіх умовах дзяўчына пражыла больш за дзесяць гадоў. Даходзіла да абсурду: былая настаўніца выклікала на дзяўчыну міліцыю і казала, што тая незаконна здымае пакой.
А аднойчы Паўліна атрымала позву ў суд.
“Там суседка паказала два сінякі і драпіну: маўляў, я ў іх вінаватая, — кажа Паўліна Калтовіч. — Нягледзячы на тое, што яна некалькі разоў змяняла свае паказанні і не было ніякіх сведак, суд заявіў, што магчымасць гэта зрабіць у мяне была. У 2013 годзе мяне асудзілі па адміністрацыйнай справе на 10 базавых нібыта за хуліганства”.
На той момант для дзяўчыны гэта былі істотныя грошы. Усе спробы аспрэчыць рашэнне суда нічога не далі. На звароты ў суд і пракуратуру Паўліна атрымлівала адпіскі. Але больш абурала іншае.
“Сам факт таго, што мяне прызналі вінаватай, — узгадвае дзяўчына. — Атрымалася, што ў мяне цяпер ёсць судзімасць праз тое, што сказала нейкая бабуля, не маючы доказаў.
У судзе яна прыдумляла, што я яе штурхала, але ніколі я не крыўдзіла гэтую жанчыну. На мае запыты, каб ёй прызначылі экспертызу адносна здароўя, ніхто не рэагаваў. Нават нашых суседзяў, якія маглі расказаць, як сябе паводзіла пенсіянерка, суд не пажадаў выслухаць,. У судзе абяцалі гэта зробіць пасля, але так і не зрабілі. А пазней я атрымала адказ, што азнаёмленая з вынікамі справы. Там быў мой подпіс, але я нічога не падпісвала! Я нават на судзе не прысутнічала”.
“Выклікала “хуткую”, калі суседцы было дрэнна”
Нягледзечы на такія адносіны, дзяўчыне даводзілася аказваць дапамогу сваёй суседцы. Часам пенсіянерка пачынала скардзіцца на здароў’е і патрабавала дапамогі. Жыць у адной кватэры з кожным днём станавілася ўсё больш невыносна, але праз матэрыяльныя прычыны змяніць месца жыхарства было немагчыма.
“Быў вельмі няпросты перыяд у жыцці, — згадвае Паўліна. — Радавалася таму, што проста хапала на прадукты. Відавочна, што суседцы быў патрэбны кругласутачны дагляд. Яна грукала швабрай, адкрывала газ — зразумела, што адной ёй заставацца было ўжо нельга. Фактычна, дагляд за ёй быў скінуты на мяне.
Звароты ў розныя сацыяльныя службы не дапамагалі: мяне проста перанакіроўвалі з аднаго месца ў іншае. Размовы з яе сваякамі не атрымлівалася. За 2017 год я тры разы выклікала “хуткую дапамогу”, але часам атрымлівалася, што бабуля проста сімулявала”.
У канцы снежня 2017 года старой жанчыне сапраўды стала дрэнна, калі яна знаходзілася ў прыбіральні. Па словах Паўліны Калтовіч, “хуткая дапамога” адмовілася ехаць на ўжо вядомы адрас. Медыкі параілі звяртацца да сваякоў. Застаўшыся з хворым чалавекам сам-насам, Паўліна патэлефанавала ў міліцыю з пытаннем, што рабіць у такіх выпадках?
“Прыехалі супрацоўнікі міліцыі, — прыгадвае той вечар дзяўчына. — Суседка шмат часу знаходзілася ў прыбіральні. Міліцыянты адчынілі дзверы, паспрабавалі размаўляць з ёй, але яна штосьці незразумелае мармытала ў адказ. Пазней прыехала “хуткая” і забрала жанчыну з падазрэннем на інсульт”.
На наступны дзень у кватэру прыйшла ўнучка былой настаўніцы, каб сабраць неабходныя рэчы ў бальніцу. Па словах Паўліны Калтовіч, яна паводзіла сябе вельмі гучна, а на просьбу весці сябе крыху цішэй, распачала скандал. Унучка абвінаваціла Калтовіч у тым, што тая давяла яе бабулю да лякарні.
А на пачатку 2018 года Паўліна даведалася, што яе суседка памерла.
“Да мяне пачалі ламіцца ў дзверы”
На гэтым пакуты дзяўчыны не скончыліся. У студзені 2018 года да Паўліны Калтовіч прыйшлі сваякі былой настаўніцы.
“Я ляжала з высокай тэмпературай, — распавядае Калтовіч. — Пасля скандалу з унучкай я зачынялася, каб нельга было адчыніць звонку. Пачула моцны грукат у дзверы. На пытанне "Хто?” пачула мужчынскі голас: “Адчыняй”. Да мяне пачалі ламіцца ў дзверы. Давялося выклікаць міліцыю”.
Па словах Паўліны, з прыездам міліцыі сваякі памерлай пенсіянеркі супакоіліся. Яны прыйшлі за рэчамі на пахаванне. І ў выніку напісалі на дзяўчыну заяву: маўляў, яна не пускае іх у кватэру.
“Я таксама звярталася ў міліцыю наконт пагроз і абраз з боку сваякоў суседкі, — распавядае Паўліна. — Мне прыйшоў адказ, што складу злачынства няма”.
Каля паўгода Паўліна Калтовіч жыла ў адносна спакойных умовах: з сакавіка ніякіх кантактаў са сваякамі суседкі не было. А ў канцы верасня дзяўчына даведалася, што другі пакой кватэры выстаўлены на продаж. Па законе, у дзяўчыны ёсць 30 дзён, каб выкупіць яго. Тэрмін заканчваецца ў канцы кастрычніка.
“Я вельмі хачу выкупіць гэты пакой, — кажа Паўліна Калтовіч. — Гаворка ідзе пра 24 тысячы долараў. Калі даведалася пра такую суму, ледзь не павалілася. Але спецыялісты запэўнілі, што гэта сапраўдныя сталічныя кошты.
Шчыра кажучы, я вельмі стамілася за ўвесь час, згубіла здароўе. У мяне цяпер адзіны шанец нешта змяніць, бо раней пакой не выстаўляўся на продаж. Цяпер хачу пазычыць грошы, каб выкупіць пакой, потым прадаць кватэру, набыць маленькае жытло і разлічыцца з людзьмі, якія змогуць мне дапамагчы”.
На сённяшні дзень Паўліне Калтовіч самастойна атрымалася сабраць 7 тысяч долараў. Каб знайсці жадаючых пазычыць грошай на выкуп пакою, дзяўчына арганізавала збор сродкаў на сайце talaka.org.