Як мінскі трэнер спрабаваў даказаць, што стаў кантактам 1-га ўзроўню

Афармленне бальнічнага / sb.by
Афармленне бальнічнага / sb.by

Трэнер з Мінска даведаўся, што ў аднаго з ягоных падапечных пацвердзілі COVID-19. Напярэдадні мужчына меў зносіны з інфікаваным, а значыць, стаў кантактам першага ўзроўню. Або не?

Праца трэнера прадугледжвае рэгулярныя зносіны з людзьмі. Але што, калі мужчына ўжо заражаны? Каб выпадкова не падставіць тых, з кім яму трэба было працаваць, трэнер вырашыў ізалявацца дома. Але аказалася, што зрабіць гэта афіцыйна, з бальнічным лістом, не так проста. Наш герой падышоў да пытання адказна і зрабіў больш за дзесяць званкоў. Але высветліў толькі, што самога сябе ў кантакты першага ўзроўню запісаць нельга, нават калі дакладна ведаеш, што кантактаваў з носьбітам віруса.

–– Патэлефанаваў у "хуткую". Яны кажуць: "Тэлефануйце ў паліклініку". Тэлефаную ў паліклініку. Кажу: "Што рабіць? Бачыўся з чалавекам, у яго кавід, пацверджаны. Працую з людзьмі, шмат людзей бачу цягам дня". Мне кажуць: "Тэлефануйце начмеду". Начмед кажа: "А ён вас падаў у кантакты?" Я кажу: "Я не ведаю. Сказаў, што яму патэлефануюць, і ён тады пазначыць мяне ў кантактах". "Калі ён вас не пазначаў у кантактах, то юрыдычна вы кантактам не з'яўляецеся". Рабіце, маўляў, што хочаце. Я кажу: "Ну я ж з людзьмі працую, шмат людзей бачу цягам дня". Кажуць: "Тады тэлефануйце ў санэпідстанцыю".

Далі мне нумар. Я па ім тэлефанаваў дзесяць хвілін, ніхто не браў трубку. Я знайшоў іншы тэлефон гэтай санэпідслужбы ў інтэрнэце, набраў туды, расказаў сітуацыю. Там кажуць: "Ён павінен падаць вас кантактам першага ўзроўню". Я кажу: "Я не ведаю, калі ён гэта зробіць, а на работу мне трэба сёння!" Яны кажуць: "Вось, тэлефануйце па іншым нумары". Тэлефаную па іншым нумары, вось такая сітуацыя, і там трубку ніхто не бярэ.

Урэшце трэнер дазваніўся да "ветлівай дзяўчыны", якая канчаткова пацвердзіла: пакуль чалавек з пацверджаным COVID-19 сам не ўнясе яго ў кантакты першага ўзроўню, афіцыйна зрабіць нічога нельга.

Как минский тренер пытался доказать, что стал контактом 1-го уровня
Самаізаляцыя / ont.by

Нагадаем, кантактамі першага ўзроўню лічацца людзі, якія мелі цесныя зносіны з заражаным на працягу 14 дзён да атрымання станоўчага выніку тэста на каранавірус у інфікаванага. Да іх адносяцца тыя, хто пражывае ў адной кватэры ці нумары гатэля; навучэнцы аднаго класа або групы, педработнікі; супрацоўнікі, якія працуюць у адным памяшканні; пацыенты, якія знаходзяцца ў адной палаце; пасажыры, якія ехалі ў адным купэ або адсеку плацкартнага вагона і яшчэ некаторыя катэгорыі грамадзян.

Бальнічныя на перыяд да 14 дзён з даты апошняга кантакту выдаюць кантактам першага ўзроўню, нават калі яны не маюць клінічных сімптомаў захворвання. Яны павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі, за імі ўсталёўваецца медыцынскае назіранне. Кантакты другога ўзроўню атрымліваюць бальнічныя пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў.


 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі