Як новыя пошліны ЕС на ўгнаенні і сельгаставары ўдараць па Беларусі

Еўракамісія / Unsplash
Еўракамісія хоча ўвесці пошліны на астатнія сельгаставары і ўгнаенні з Расіі і Беларусі, якія цяпер займаюць 15% імпарту ў ЕС. Частку пазіцый Еўрасаюз абклаў пошлінамі ў 2024 годзе.
Палітыкі прапануюць увесці адвалорную пошліну [разлічаную ў працэнтах ад кошту тавару. — Еўрарадыё] у 50% на сельскагаспадарчыя тавары і паступова павышаць тарыфы на ўгнаенні — пачынаючы з 40 ці 45 еўра за тону (у залежнасці ад тыпу ўгнаення) і даводзячы іх да 315 ці 430 еўра за тону праз тры гады пасля ўвядзення новых абмежаванняў.
Чакаецца, што іх прымуць да трэцяй гадавіны расійскай агрэсіі ва Украіне. Такім чынам Еўракамісія хоча знізіць залежнасць ад імпарту з Расіі і Беларусі.
Як абмежаванні ўдараць па Беларусі?
У 2023 годзе Беларусь экспартавала ў Еўрасаюз сельгаспрадукцыі на 92 млн еўра і ўгнаенняў амаль на 30 млн еўра. Адпаведна, гэты экспарт рэспубліка можа страціць.
З такімі аб'ёмамі Беларусь не ёсць важным вытворцам ці экспарцёрам гэтых тавараў для ЕС.
У 2024 годзе пастаўкі расійскіх угнаенняў у ЕС працягвалі расці. Польскія СМІ пісалі, што толькі Польшча па выніках 9 месяцаў мінулага года імпартавала з Расіі амаль 1 млн т мінеральных угнаенняў, што на 123% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Іх кошт склаў каля 318 млн еўра.
Пры гэтым расійскія эксперты адзначаюць "абсалютны рэкорд" у вытворчасці мінеральных угнаенняў у Расіі ў 2024 годзе, а таксама рост экспарту ў краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Але пры гэтым "Еўропа застаецца самым вялікім рынкам збыту расійскіх азотных угнаенняў". Некаторыя мяркуюць, што і з новымі пошлінамі расійскія ўгнаенні "могуць быць канкурэнтнымі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.