Як правядуць навагоднія святы беларускія зоркі?

Акудовіч сустрэў Новы год на могілках, Глобус - без аліўе, а Вольскія - чыноўнікамі! Каляды беларускія зоркі святкуюць з сям’ёй, а Новы год - гучна і з сябрамі
Адам Глобус найгоршай навагодняй традыцыяй лічыць савецкую. Таму, паводле яго слоў, ніколі ў жыцці (!) не піў савецкае шампанскае і не еў... салат аліўе.

Адам Глобус: “На Каляды мы заўсёды ходзім да мамы, а Новы год сустракаем сям’ёй, з дзецьмі і ўнукамі. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе прынц Амана запрасіў нас з жонкай у Швейцарыю, мы ўсё ж падумалі і вырашылі, што застанемся ў Мінску”.

Зрэшты, незвычайны Новы год у спадара Глобуса ўсё ж такі быў: пісьменнік вырашыў правесці свята з сябрамі, але ў апошні момант тыя адмовіліся.

- Я застаўся цалкам адзін, - узгадвае мастак, -  і ў пад’ездзе выпіў бутэльку кубінскага рому, які набыў напярэдадні.

Пасля таго, як сям’я Ціхановічаў сустрэла Новы год у тралейбусе, мэтр беларускай эстрады паверыў у прыкметы.

- Заўжды напярэдадні свята ездзілі віншаваць бацькоў, а пасля вярталіся дамоў, -  кажа Аляксандр. - Аднойчы крыху затрымаліся, не знайшлі ніводнага таксі - давялося паехаць на тралейбусе, які якраз у поўнач спыніўся на “чырвоны” святлафора насупраць галоўпаштампа. Што было рабіць? Адкрылі шампанскае і выпілі разам з кіроўцам. Мо, таму з таго часу мы кожны год на гастролях?

У пазамінулым годзе ў навагоднюю ноч з Ціхановічамі адбылося зусім неверагоднае:

Аляксандр Ціхановіч: “Гэта цікавая гісторыя:  у нас было навагодняе шоў з групай расійскіх артыстаў па маршруце - Расія, Украіна, Малдова і Латвія - вось мы і лёталі самалётамі ўсю навагоднюю ноч”.

Філосаф Валянцін Акудовіч у забабоны “дзе сустрэнеш – там і правядзеш” не верыць. Да прыкладу распавядае, як падлеткам вырашыў сустрэць Новы год на… могілках.

Валянцін Акудовіч: “Мне зараз свае матывацыі нават цяжка патлумачыць, але я вырашыў у адзіноце і ў самоце сустрэць Новы год на могілках. Прычым гэта былі старыя, пустыя, зарослыя, страшныя могілкі. Мне неяк хацелася апынуцца ў месцы, дзе жывыя сустракаюцца з мёртвымі, больш востра адчуць перацяканне часу, года ў год. Напэўна, гэтае скрыжаванне сакральнасцяў – часу і месца – тады мяне і завабіла”.

З таго часу падобных эксперыментаў філосаф не праводзіць, сустракае Новы год з сям’ёй —  пры свечках і пад песні свайго ўлюбёнага барда Віктара Шалкевіча.

Самы вялікі патрыёт сям’і - Анатоль Ярмоленка. Якія б не былі грашовыя прапановы —  яго не спакусіць: на Новы год артыст заўжды дома з роднымі.

Анатоль Ярмоленка: “У нас ёсць свае навагоднія забавы і гульні. Я ўвогуле лічу, што такія святы, як Новы год і Вялікдзень - толькі сямейныя”.

Бацька тэнісіста Максіма Мірнага апошнія 15 год сустракае Новы год разам з сынам на Бліжнім Усходзе - у безалкагольнай Катары.

Мікалай Мірны: “Праз год ездзім то ў Катару, то ў Аўстралію. Паехаць разам з жонкамі даводзіцца рэдка, таму часцей за ўсё ўдваіх з Максімам ды сябрамі”.

Але ў гэтым годзе бацька і сын сустрэнуцца толькі 3-га студзеня ў Аўстраліі.

-  Хоць мы абодва праваслаўныя і толькі дачку хрысцілі ў касцёле, мы вырашылі святкаваць Каляды 25-га снежня, - гаворыць Аня Вольская. - Для нас Каляды —  гэта светлае, сямейнае свята. Мы святкуем яго ціха, сям’ёй разам з хроснай маці Адэлі.

- Іншая справа Новы год! – дадае Аня. – Гэта Сільвестр, маскарад, трэба бясіцца. Для нас гэта не сямейнае свята, наадварот. Яго трэба сустракаць весела і з сябрамі! Таму мы і “тапырымся”!

Аднойчы яны з Лявонам павіншавалі са святамі сваіх сяброў, у тым ліку Анемпадыстава і Міхалка, ў выглядзе... прадстаўнікоў гарвыканкаму. Аня пераапранулася ў тыповую гарвыканкамаўскую цётку, а Лявон —  у мужычка з тонкімі вусікамі.
—  Лявон напісаў "прамову" ў вершах ад выканкаму і мы паехалі па сябрах, зачытваць! Яны былі шакаваныя..

Нават за навагоднім сталом сям’я Вольскіх прытрымліваецца дыеты: бялкі з хлебам есці нельга. Але гэта смачная дыета, мяркуйце самі:

Аня Вольская: “Наш навагодні прынцып – менш есці і больш гуляць. Таму на Новы год у нас чырвоная ікра і французскае шампанскае! Прычым ікра – лыжкамі!! І ніякіх бутэрбродаў! Лявон любіць розныя морапрадукты, а я насамрэч больш люблю сялянскую ежу”.

Еўрарадыё зычыць вам сустрэць Новы год і Каляды не горш за славутых беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі