Як расіяне тусяць у Мінску

“Давайце адразу агаваруся: я не з Расіі, я з Масквы!” — гэта я падыходжу да масквічкі Алены, якая фатаграфуе Чырвоны касцёл. Дзяўчына яшчэ не прывыкла да таго, што "ў Мінску ціха і мала людзей”, але тут ёй падабаецца, і ў рэстаранах кормяць вельмі смачна.  
 
Студэнты МДУ і Гнесінскага вучылішча — Жэня і яе сябар Арцём — у захапленні ад курса беларускага рубля!
 
“З вашым курсам, тысячамі і мільёнамі мы тут мільянеры!” — смяецца Жэня.
 
Арцём дадае, што ў Мінску вельмі даверлівыя людзі:
 
“Што ні спытаеш, усё раскажуць, падкажуць, дзе танней, якое таксі таннейшае, нават тэлефоны даюць, каб мы маглі патэлефанаваць і не званіць з роўмінга. У Маскве, мяркую, турысту значна цяжэй”, — прыводзіць прыклад Арцём.
 
Маладых людзей у Мінску здзіўляюць кошты на камп'ютарную тэхніку.
 
“Наогул кошты трошкі таннейшыя. Вельмі парадаваў кошт на метро. На нашыя гэта 6 рублёў, а ў нас метро каштуе 28 рублёў. Але вось тэхніка ў вас даражэйшая, чым у Маскве!” — кажа Жэня.  
 
Масквічкі Кацярына і Марына працуюць эканамістамі, і адразу адзначаюць, што беларусы вельмі дорага здаюць кватэры пасуткава! Ну, адкуль дзяўчатам ведаць, што гэта — спецыяльныя "маскоўскія кошты":
 
“100 баксаў за аднапакаёўку! Гэта вельмі дорага. Да таго ж, знайсці кватэру на травеньскія святы было вельмі складана — усё забраніравана. Урэшце нейкі хлопец здаў нам сваю асабістую кватэру, дзе ён сам жыве, а сам недзе ў Польшчу паехаў”, — у адзін голас кажуць масквічкі Марына і Кацярына.
 
Дзяўчаты прыехалі на чатыры дні і ўжо выдаткавалі 400 долараў на кватэру на станцыі метро “Спартыўная”. Кампанія збіраецца купляць адзенне і беларускія прадукты. Але параўнаць кошты не могуць. На дапамогу прыходзіць іх сябар Канстанцін: кажа, што ў Маскве брэндавая куртка Hugo Boss каштуе 45 тысяч расійскіх рублёў, а тут — удвая меней. 
 
Дзяўчаты-праекціроўшчыцы  Ганна і Аксана кажуць, што кошты ў рэстаранах і крамах прыкладна на 30-50% меншыя, чым у Санкт-Пецярбургу. 
 
“Да прыкладу, у рэстаране ў Пецярбургу мы б паабедалі на 1000 расійскіх рублёў, а вось тут — на 600”, — падлічвае Аксана. За першы дзень у Беларусі яны схадзілі ў парк Горкага — паелі шашлыкоў і цукровай ваты.
 
Расіянкі вагаюцца паміж тым, назваць Мінск еўрапейскім ці савецкім горадам. Прыпыняюцца пасярэдзіне. 
 
“Савецка-еўрапейскі. Гэта праяўляецца ў архітэктуры, у людзях, нават у рэкламе. Тут усё чыста, ціха, няма людзей і мала транспарту. І дамы рэстаўруюць, да 9 траўня прыгажосць навялі… Калі стаяць у заторы — ніхто не сігналіць, усе спакойныя і  ветлівыя! Мы тут адпачываем. Ніхто не дае табе ўлёткі, і рэкламы вельмі мала, да таго ж яна такая — несучасная, савецкая, ёсць там нейкія банарчыкі, але яны незаўважненька так, і аўтобусы — не залеплены гэтай рэкламай, ездзяць зялёныя такія”, — кажа Ганна і скардзіцца, што ў паўночнай сталіцы Расіі ўлёткамі ўсё завалена, і іх тыкаюць паўсюль.
 
У транспарце дзяўчаты хутка зразумелі, што можна ездзіць бясплатна, і дадаюць, што многа грошай у Беларусі выдаткоўваць не будуць.
 
“Я сёння памяняла 5000 "расіі", гэта трохі болей за мільён. Мы елі ў рэстаранах, вось накупілі сувеніраў, і ў мяне дагэтуль ёсць грошы! Адзенне не глядзім, цукерак вось купіла”, — паказвае мяшок з беларускімі ласункамі Аксана.
 
У крамах ужо адчулі на сабе наплыў расіян:
 
“Некаторыя са спісам прыязджаюць: на сябе, дзяцей, бабулю. Што расіяне — бачна, бо і самі кажуць, і яшчэ расійскімі грашыма спрабуюць расплаціцца. “Мілавіца” і ў іх ёсць, але там такая ж бялізна даражэйшая, таму ім адсюль выгадней везці”, — кажуць у фірмовай краме бялізны. 
 
У вінна-гарэлкавых крамах да расійскіх вакацый таксама рыхтаваліся: 
 
“Звычайна расіяне бяруць грузінскія віны. А таксама беларускую гарэлку”, — кажуць у краме “Штопар”. 
 
У цэлым жа расіяне праз аднаго адзначаюць, што кошты меншыя, але ёсць сумневы, што для беларусаў — таксама:
 
“Мы былі гатовыя да таго, што ў Беларусі трошкі танней, чым у Расіі. Але думаю, што гэтыя кошты для беларусаў з іх заробкамі — у вас колькі? 500 долараў? — гэта вельмі дорага”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі