Як стварыць свой прафсаюз. "Мусіць аб'яднацца 10% супрацоўнікаў"

"Прафсаюз на кожным прадпрыемстве", — такое даручэнне дае ўраду Аляксандр Лукашэнка на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў. Кіраўнік краіны патрабуе, каб прафсаюзы былі на ўсіх прадпрыемствах любой формы ўласнасці. Еўрарадыё паспрабавала стварыць свой незалежны прафсаюз.


Аказалася нескладана: трэба напісаць статут, правесці ўстаноўчы сход, выбраць кіраўніка, зарэгістраваць юрыдычны адрас.


"Мусіць аб'ядноўвацца не менш за 10% супрацоўнікаў, — апісвае юрыстка Асамблеі незалежных прафсаюзаў Алена Яськова, — Збіраюцца дакументы: статут, пратакол з'езда, абранне кіраўнічага органа, юрыдычны адрас кіраўніцтва+дамова арэнды. Пасля гэта ўсё падаецца на рэгістрацыю".


Фактычна, памяшканне можна зняць у рэдакцыі. Рэгіструе такія прафсаюзы Галоўнае ўпраўленне юстыцыі мясцовых органаў улады. Рэспубліканскі прафсаюз, дзе мусіць быць больш за паўтысячы чалавек, рэгіструе Міністэрства юстыцыі.

Як далучыцца да прафсаюза, стварыць "пярвічку"


Калі складаць статут і рэгістраваць юрыдычны адрас нам лянота, ідзем іншай дарогай. Далучаемся да іншага прафсаюза, які ўжо існуе. У Федэрацыі прафсаюзаў вырашаюць, што журналістам варта далучацца да прадзяржаўнага прафсаюза супрацоўнікаў культуры, і накіроўваюць туды. Там адразу бяруцца дапамагчы.


"Вам трэба сабраць арганізацыйны сход, мінімум 3 чалавекі. Афармляеце гэта ўсё дакументальна і прымаеце рашэнне аб стварэнні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, — апісваюць у прафсаюзе супрацоўнікаў культуры, — Мы вам дапамагаем афармляць усе дакументы для рэгістрацыі".


Калі ў вашай "пярвічцы" больш за 15 чалавек, то гэта самастойная юрыдычная асоба са сваім рахункам у банку. Штомесячны ўнёсак — 1% ад заробку. З бонусаў у гэтым прафсаюзе пакуль абяцаюць дадатак да адпачынку. Астатняе - у калектыўнай дамове.


Калі ў прадзяржаўны прафсаюз не хочам, можам уступаць у Беларускі незалежны прафсаюз. Статут дазваляе браць туды любых супрацоўнікаў, хоць журналістаў. Не возьмуць толькі кіраўнікоў.

Схема такая ж: сход, пратакол сходу, рэгістрацыя ў прафсаюзе. І ўнёскі такія ж, як і ў дзяржаўным, — 1% ад штомесячнага заробку. Абяцаюць юрыдычную падтрымку ў цяжкіх сітуацыях і калектыўную дамову па месцы вашай працы, дзе прапісваецца заробак і тэрмін адпачынку.


"Ёсць калектыўная дамова, дзе прапісваюцца ўмовы працы. І не ў той форме, якую прапісала заканадаўства, а нашмат болей", — апісваюць бонусы ў Беларускім незалежным прафсаюзе.


Але і папярэджваюць, што на сёння сяброў незалежнага прафсаюза "могуць пераследаваць".

Фота: bnp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі