Як у Расіі: вясна і восень, а цяпер і зіма знішчае дарогу ў вёсцы пад Полацкам

Як у Расіі: вясна і восень, а цяпер і зіма знішчае дарогу ў вёсцы пад Полацкам

Жыхары пасёлка Ветрына ў Полацкім раёне не могуць даехаць да сваіх дамоў праз ямы і выбоіны на дарозе. Раней вяскоўцы пакутвалі праз бездарожжа толькі ранняй вясной і позняй восенню. Але сёлетняя цёплая зіма размыла завулак Вазнясенскага так, што праехаць амаль немагчыма.

Добрыя дарогі — адна з візітовак Беларусі. На “Ютубе” нават ёсць ролікі, знятыя на мяжы з Расіяй: на беларускім баку — гладзенькі асфальт, а на расійскім пачынаецца жахлівая гравійка. Але варта крыху ад’ехаць ад аўтамагістраляў, як і ў Беларусі пачынаецца тое самае. Жыхар Ветрына Юрый даслаў у рэдакцыю Еўрарадыё відэа: па яго словах, гэтую дарогу не рамантавалі амаль 30 гадоў.

Завулак у Ветрыне / Еўрарадыё

“Не паверыце, але гэтую праблему 28 гадоў не могуць вырашыць, — кажа Еўрарадыё мясцовы жыхар Юрый. — Нейкі час таму я за свой кошт прывозіў чатыры машыны пяску туды, але дарога садзіцца, робіцца непрыгожай, ёю не займаюцца. У сельсавет звярталіся. Але адны абяцанні”.

Жыхар Ветрына дадае, што не патрабуе, каб на гэтым завулку паклалі асфальт і рамантавалі яго кожны месяц. Але знайсці грошы і магчымасць на рамонт невялікага кавалка дарогі за столькі гадоў усё ж можна было б.

“Вясной і восенню я да свайго дома пад’ехаць не магу,  — кажа Еўрарадыё Юрый.  — Летам нармальна, але такой зімой... Каб можна хоць да дома спакойна даехаць было б. Там такая лужа, што штурмам трэба браць, каб пад гару пад’ехаць. А там ямы, дык суседка глушыцель адарвала”.

Як у Расіі: вясна і восень, а цяпер і зіма знішчае дарогу ў вёсцы пад Полацкам
Вясной, восенню, а цяпер і зімой жыхары Ветрына не могуць даехаць да сваіх дамоў / Еўрарадыё

Старшыня Ветрынскага сельсавета Аляксей Лупач не пагаджаецца з тым, што дарогу ў Ветрыне не рамантавалі 28 гадоў. А ўсе грошы, якія былі выдаткаваныя на рамонт дарог у 2019 годзе, і былі патрачаныя на рамонт дарог.

“Паглядзіце, якое надвор’е стаіць па ўсёй рэспубліцы! Цяпер вось падмарозіла, дык будзе больш-менш,  — не губляе аптымізму чыноўнік. — Калі якія грошы з’яўляюцца, дык заўсёды падсыпаем. Да мяне асабіста ніхто па Вазнясенскага [завулку] не звяртаўся. У планах рамонт ёсць, будзем працаваць”.           

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі