Як выжыць і не патаўсцець, калі #засталіся_дома, раяць Вольскі, Левін і Церахаў
Практыка паказвае, што не трактар, лазня і гарэлка дапамагаюць засцерагчыся ад каранавіруса, а каранцін, самаізаляцыя і чыстыя рукі. Што праўда, не ўсе могуць арганізаваць сваё знаходжанне ў самаізаляцыі так, каб пазбегнуць небяспечнага трыкутніка лядоўня — ложак — серыялы.
#засталіся_дома — праграма Еўрарадыё, у якой мы гаворым з бізнесменамі і палітыкамі, артыстамі і экспертамі пра жыццё і працу ў новых абставінах. Пра тое, як у самаізаляцыі не з’ехаць з глузду, не згубіць сувязь з рэчаіснасцю і не абмяжоўваць свае інтарэсы канапай і лядоўняй.
Вядзе праграму рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук. Пра тое, чым яны займаюцца на каранціне, у жывым эфіры Еўрарадыё расказваюць генерал айчыннага рока Лявон Вольскі, заснавальнік фестываляў “Рок за Баброў” і “Вольнае паветра”, старшыня назіральнай рады кампаніі “Сонца”, заснавальнік піваварнай кампаніі “Сябар” Сяргей Левін і кліпмейкер, аўтар “ляпісаўскіх” кліпаў “Воіны святла” і “Капітал”, мастак-аніматар, які цяпер жыве і працуе ў Канадзе, Аляксей Церахаў.