Як за 3 тыдні зрабіць дзяцей з дзіцячага дома акцёрамі вялікай сцэны

— Што ты адчуваеш, калі чуеш слова “дом”?
— Чаму б ты навучыў сваіх дзяцей?
— Табе падабаецца жыць?
 
Беларускімі дзеткамі з дзіцячых дамоў замежнікі цікавяцца не толькі з мэтай забраць у сям’ю. Шведскі рэжысёр Бэна Ворхам вырашае паставіць з імі артыстычны эксперымент і запрашае ўзяць удзел у новым спектаклі “Дом”. На эксперымент пагаджаецца Лідскі дзіцячы дом.
 
 
Пасля некалькіх месяцаў кастынгу і 3 тыдняў рэпетыцый, з’яўляецца глыбока філасофскі пластычны спектакль, які цяпер “ездзіць” з прэм’ерамі па беларускіх гарадах (да гэтага, дарэчы, тое самае Бэна рабіў з малдоўскімі і ўкраінскімі дзеткамі).
 
Акцёры ў “Доме” — шасцёра дзяцей і шасцёра прафесійных танцораў з Беларусі, Украіны, Малдовы. У цесным перапляценні дзіцячай і дарослай экспрэсіі нараджаецца вельмі моцная праца.
 
 
— У цябе шмат сяброў?
— Пра што ты думаеш, калі глядзіш у неба?
— Ты любіш хлусіць?
 
Сцэнарый у гэтым спектаклі грунтуецца на думках і перажываннях дзетак. З імі вельмі доўга і нестандартна працуе міжнародная каманда, каб дзеці пачалі давяраць дарослым і казаць свае думкі ўслых.
 
 
“Прашу заўважыць, што мы акцёры, танцоры, а не прафесійныя псіхолагі ці педагогі, — кажа Еўрарадыё рэжысёр Бэна Ворхэм. — Усё, што мы зрабілі — гэта проста пачалі слухаць і далі магчымасць дзецям выказацца, а не казалі ўвесь час, што ім трэба рабіць, а што — не.”
 
Шведскі падыход вельмі здзіўляе маладых артыстаў:
 
“Там [у дзіцячы доме. — Еўрарадыё], напрыклад, калі што-небудзь не так зробіш, цябе прымусяць што-небудзь іншае зрабіць, — кажа 14-гадовы Кірыл Магданаў. — А тут што-небудзь не так атрымаецца — табе скажуць “паспрабуй па-іншаму”. І яно, глядзіш, і атрымліваецца”.
 
Дзейнасць такога нетрадыцыйнага для Беларусі метаду пацвярджае сама дырэктар Лідскага дзіцячага дому. На прэм’еры яна публічна дыскрыдытуе сваю працу: “Тое, што вы зрабілі за 3 тыдні з гэтымі дзецьмі, я не магла зрабіць за 3 гады”, — кажа дырэктар.
 
 
Ідэя паставіць спектакль з дзецьмі, дзе б тыя гралі саміх сябе — вельмі ўзрушвае беларускую публіку і калег па цэху:
 
“Нягледзячы на тое, што гэта дзеці, якія не маюць свайго дома, а ў мяне гэты дом ёсць, шмат якія словы, якія казаліся са сцэны, ці вобразы, якія выражаліся танцам, аказаліся мне вельмі і вельмі блізкімі,” — дзеліцца з Еўрарадыё Ася, малады рэжысёр з Гродна.
 
— Табе бывае сумна дома?
— Ты баішся застацца адзін?
— У чым сэнс твайго жыцця?
 
Маладыя гледачы называюць спектакль сумным, акрамя моманту, дзе адзін з герояў прызнаецца, што не можа заставацца дома адзін і шчаслівы толькі калі там… дыскатэка. Гэта самая дынамічная частка спектаклю, якая праходзіць пад дыскатэчны хіт 90-х "I've got the power!".
 
“Было вельмі сумна падчас гэтага спектаклю, шмат хто нават плакаў, а гэта вельмі разбавіла”, — кажа хлопчык Сяргей.
 
 
Відавочны поспех спектакля шмат каго прымушае казаць пра моц мастацтва. У першую чаргу, самога рэжысёра Бэна“Я ўпэўніўся ў сваёй веры, што, мастацтва можа мяняць людзей. І гэта цудоўна, Божа мой, што яшчэ можна пажадаць?”
 
Заўважым толькі, што шмат дарослай аўдыторыі выказваецца, што шведскі рэжысёр і акцёры мусяць працягваць працу з гэтымі дзецьмі. Менавіта так — мусяць. А самі дзеткі не наракаюць, і пакорліва гатовыя вярнуцца да свайго звычайнага ладу жыцця — у дзіцячым доме.
 
 
Больш фота ў Фэйсбуку Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі